Юрыст: Міхалевіча прызнаюць палітвязнем, але будзе ён ім максімум месяц
Экс-кандыдат у прэзідэнты і фігурант справы аб масавых беспарадках 19 снежня 2010 года Алесь Міхалевіч 8 верасня вяртаецца ў Беларусь. Робіць так, як некалі і абяцаў: вярнуцца на радзіму пасля вызвалення ўсіх палітвязняў. Такое вызваленне адбылося 22 жніўня, і палітык выпраўляецца ў Беларусь. Але ў Гудагаі яго чакана здымаюць з цягніка. Чакана для самога Алеся, пра што ён і паспявае паведаць мне па тэлефоне.
Алесь Міхалевіч: “Яны павінныя мяне затрымаць, бо я ў міжнародным вышуку і ў беларускім таксама. Ну, а далей будзем глядзець на перспектывы”.
Напрыканцы размовы Алесь Міхалевіч паспявае паведаміць, што яго затрымліваюць, і цяпер гэта яго афіцыйны статус. Якія далейшыя перспектывы могуць быць?
У каментары Еўрарадыё прэс-сакратар МУС Канстанцін Шалькевіч паведамляе, што Алеся Міхалевіча сёння даставяць у Мінск і перададуць Следчаму камітэту. Дзе і будуць прымаць рашэнне, браць экс-кандыдата і ўцекача пад варту ці не, кажа прадстаўнік Следчага камітэта Сяргей Кабаковіч.
“У вытворчасці Следчага камітэта па Мінску знаходзіцца крымінальная справа ў дачыненні да Міхалевіча. Ён з’яўляецца падазраваным у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага часткай 1 артыкула 293 Крымінальнага кодэкса (аб масавых беспарадках — Еўрарадыё). Расследаванне ў свой час прыпынялася з нагоды таго, што ён уцёк ад органаў крымінальнага пераследу. Любое працэсуальнае рашэнне адносна Міхалевіча будзе прынятае ў адпаведнасці з крымінальна-працэсуальным заканадаўствам. Нешта на гэты конт пакуль рана казаць — ён не знаходзіцца ў Мінску, яго яшчэ не прывезлі”.
А ў залежнасці ад прынятага ў Следчым камітэце “працэсуальнага рашэння адносна Міхалевіча” праваабаронцы будуць вырашаць, які “статус” яны нададуць палітыку, разважае праваабаронца Валянцін Стэфановіч.
Стэфановіч: “Калі яго сапраўды возьмуць пад варту і накіруюць у СІЗА КДБ (а мы ведаем, што крымінальная справа адносна Міхалевіча да гэтага часу не спыненая, і ён афіцыйна знаходзіцца ў вышуку, беларускія ўлады нават накіроўвалі запыт у Інтэрпол адносна Міхалевіча), пры такіх абставінах мы будзем лічыць яго палітычным зняволеным. Таму што гэта апошні фігурант справы па падзеях 19 снежня 2010 года, і, наколькі памятаю, ён абвінавачваўся па артыкуле аб масавых беспарадках”.
Юрыст Алег Агееў быў адвакатам Міхалевіча ў 2010 годзе. Па яго словах, экс-кандыдат хутчэй за ўсё ўжо ўзяты пад варту.
Алег Агееў: “Яго працэсуальны статус па справе — абвінавачаны. І хутчэй за ўсё ён ужо ўзяты пад варту дакументальна. Было затрыманне, яму агучаць паперы, якія хутчэй за ўсё ўжо дасланыя следчымі органамі, і ён даведаецца пра такі свой статус менавіта з афіцыйных крыніц”.
Па словах юрыста, ніякага асобнага пакарання за уцёкі Міхалевіча “з-пад падпіскі аб нявыездзе” заканадаўствам не прадугледжана: яго альбо асудзяць па справе аб масавых мерапрыемствах, альбо справу закрыюць і адначасова забудуцца пра 5-гадовыя хованкі палітыка ад беларускага правасуддзя за мяжой.
Але ў любым выпадку следчыя павінныя будуць правесці “следчыя дзеянні”, падчас якіх Міхалевіч будзе знаходзіцца за кратамі.
Алег Агееў: “Пад варту яго возьмуць, хутчэй за ўсё прызнаюць палітвязнем. Але я не думаю, што ён доўга затрымаецца ў СІЗА. Тыдзень, можа, два, але да месяца”.
Нагадаем, што Міхалевіч быў арыштаваны разам з іншымі кандыдатамі ў прэзідэнты 19 снежня 2010 года. Увесну 2011 года ён быў выпушчаны з турмы КДБ і паведаміў, што там яго завербавалі для працы на спецслужбы. Пасля гэтага Міхалевіч уцёк з Беларусі і атрымаў палітычны прытулак у Чэхіі. Затрыманне экс-кандыдата ў прэзідэнты 2010 года адбылося ў Гудагаі.