З 1 жніўня ў Беларусі на 10% павысяцца працоўныя пенсіі
У Беларусі з 1 жніўня ў сярэднім на 10% павысяцца працоўныя пенсіі. Адпаведны ўказ №278 "Аб павышэнні пенсій" Аляксандр Лукашэнка падпісаў 17 ліпеня, інфармуе БЕЛТА.
Пераразлік працоўных пенсій адбываецца ў сувязі з ростам сярэдняга заробку ў краіне.
У Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны кажуць, што сярэдні памер пенсій з 1 жніўня складзе 364,2 рубля, а сярэдні памер пенсіі па ўзросце — 374,33 рубля.
Раней прадстаўнікі ўладаў заяўлялі, што працоўныя пенсіі у 2018 годзе плануецца павысіць усяго адзін раз. Пра гэта яшчэ ў канцы 2017 года ў кулуарах Палаты прадстаўнікоў распавяла Еўрарадыё дэпутат Людміла Ніжэвіч. "Калі — гэта будзе ўдакладнена цягам года", — дадала яна.
Тады ж гэтую інфармацыю пацвердзіла міністр працы і сацыяльнай абароны насельніцтва Ірына Касцевіч. "Заканадаўствам прадугледжанае павышэнне пенсій як мінімум адзін раз на год. Адзін раз — гэта абавязкова. Больш — залежыць ад таго, па якім графіку будзе ісці развіццё эканомікі. З улікам кансерватыўнага сцэнара, які складваецца, мы прагназуем, што пенсіі у 2018 годзе вырастуць адзін раз", — сказала яна.
Адзін раз пенсіі ў 2018 годзе ўжо раслі — з 1 траўня, на 5,4%.