З пачатку года 7 тысяч украінцаў атрымалі дазвол на працу ў Беларусі
А атрымалі рэгістрацыю 25 тысяч грамадзян суседняй краіны. Гэта на 25% больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года.
Пра гэта ў размове з Еўрарадыё паведаміў начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі Аляксей Бягун.
Аляксей Бягун: “Мы можам гаварыць толькі пра асоб, якія прайшлі адпаведную працэдуру: зарэгістраваліся ў органах унутраных спраў. Такіх у нас з 1 студзеня — 25 тысяч грамадзянаў Украіны. Ёсць 250 зваротаў аб прадстаўленні статуса ўцекача. Больш за 7 тысяч атрымалі дазвол на працу. Хаця, зразумела, што яшчэ з мінула года нехта працуе. Нехта атрымаў дазвол на часовае пражыванне з іншай нагоды — альбо на ПМЖ, альбо ўвогуле ўжо атрымлівае грамадзянства”.
Па словах суразмоўцы Еўрарадыё, нейкіх лагераў уцекачоў для ўкраінцаў у Беларусі няма, як і месца іх “кампактнага знаходжання”. Грамадзян Украіны кансультуюць і рэкамендуюць уладкоўвацца на працу ў тых рэгіёнах, “якія адчуваюць неабходнасць у спецыялістах і якія могуць ім рэальна прадставіць жыллё”.