За чатыры гады "адкос" ад размеркавання падаражэў на 23 мільёны

“Даехалі практычна ўсе”, — адказаў на пытанне пра тое, як прайшло размеркаванне ў 2010 годзе, намміністра адукацыі Казімір Фарыно. Пра колькасць студэнтаў, якія сёлета не з'явіліся там, куды іх размеркавалі, Еўрарадыё запыталася ў начальніка ўпраўлення кадраў БДУ Наталлі Няпэўнай:

"...іх з кожным годам робіцца ўсё менш і менш. І, у асноўным, гэта тыя выпускнікі, якія паводле закона пазбягаюць размеркавання аўтаматычна. Тыя, хто паступіў у магістратуру і аспірантуру, на перыяд навучання вызваляюцца ад вяртання сродкаў".


Падрабязную статыстыку ў Белдзяржуніверсітэце не паведамляюць. Але падобная карціна назіраецца і ў педуніверсітэце, дзе да размеркавання "не даехалі" усяго 2 сёлетнія выпускнікі.

"На працу накіравана 910 чалавек, — распавёў Еўрарадыё начальнік аддзела кадраў БДПУ Валерый Алавяннікаў. — З іх 69 паступілі ў магістратуру. 16 прызваныя ў войска. 1 знаходзіцца ў адпачынку па гадаванні дзіцяці. І два па размеркаванні не з'явіліся".

Іх выпадкі камісія па вяртанні сродкаў яшчэ не разглядала: выпускнікам накіраваныя лісты з просьбай растлумачыць, чаму яны не з'явіліся па месцах размеркавання:

"Летась у нас быў такі выпадак,
— працягвае Валерый Алавяннікаў. — Адна нашая выпускніца паехала ў Тайланд адпачываць і зламала там нагу. Яе шпіталізавалі. Мама нам патлумачыла сітуацыю, і мы накіравалі такі ліст, каб яна патлумачыла прычыны. Яна прыехала ў кастрычніку. Мы ведалі гэта і не прымалі рашэння па вяртанні грошай".

Дарэчы, сума кампенсацыі за навучанне ў педуніверсітэце з мінулага года не вырасла.

Валерый Алавяннікаў:
"Пэўную суму назваць складана, але з улікам усіх выдаткаў яна можа складаць ад 17 да 22 мільёнаў рублёў".

Затое ў БДУ, па неафіцыйных звестках, яна сёлета можа скласці 40 мільёнаў рублёў, у залежнасці ад факультэта і шэрагу іншых акалічнасцяў. Еўрарадыё паразмаўляла з Наталляй, якую яе размеркаванне не задавальняе настолькі, што яна ўсур’ёз думае “адкупіцца” ад дзяржавы.

Наталля: “Мне сказалі, што плаціць трэба будзе прыкладна 40-50 мільёнаў. Але мне падаецца, што не можа быць так шмат!”

Чатыры гады таму “ухілісты” вярталі БДУ за свабоду ад двухгадовай адпрацоўкі сваёй “бясплатнай” вышэйшай адукацыі каля 17 мільёнаў рублёў. Пазалетась гэтая лічба ўзрасла да 30 мільёнаў, летась ― да 40 мільёнаў. Натуральна, гэта апроч нерваў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі