За лёсам мінскага Чырвонага касцёла сочаць у Ватыкане

Чырвоны касцёл у Мінску / turby.by
Лёсам мінскага Чырвонага касцёла цікавяцца ў Ватыкане. Пра гэта Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі расказаў у інтэрв'ю Vatican News.
Паводле яго, дзяржсакратар Ватыкана кардынал П'етра Паралін у гутарцы "цікавіўся справай Чырвонага касцёла ў Мінску і персанальнымі справамі святароў". Станеўскі не ўдакладніў, пра якіх святароў ідзе гаворка. Але можна меркаваць, што меліся на ўвазе зняволеныя ксяндзы Генрых Акалатовіч і Анджэй Юхневіч. "Адчувалася, што ён ведае агульныя справы нашага Касцёла і бачыць іх праз прызму Касцёла Паўсюднага", — дыпламатычна апісаў гутарку беларускі іерарх.
Таксама Станеўскі нагадаў, што закрыты з верасня 2022 года чырвоны касцёл юрыдычна належыць дзяржпрадпрыемству "Мінская спадчына", а вернікі выкарыстоўвалі будынак храма і іншыя пабудовы паводле дамоўленасці:
"Молімся і чакаем, калі будынак будзе перададзены каталіцкім вернікам, як і было ў задуме фундатара Чырвонага касцёла слугі Божага Эдварда Вайніловіча, саркафаг з парэшткамі цела якога знаходзіцца ў яго мурах".
(Улады забралі касцёл у вернікаў, заявіўшы пра неабходнасць рамонту. Аднак у прызначаны час рамонт так і не пачаўся: абгрунтавалі недапрацаванай дакументацыяй. Яе "дапрацоўваюць" ужо амаль год.)
Таксама Станеўскі расказаў, што запланаваная сустрэча беларускіх біскупаў з Папам Рымскім не адбылася з прычыны цяжкай хваробы і шпіталізацыі папы Францішка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.