За паркоўку "пад вуглом" — штраф 15 тысяч
Насуперак чаканням, даішнікі не стануць патрабаваць ад аўтааматараў абавязкова "пераабуваць" свае машыны ў зімовыя шыны. Толькі рэкамендуюць ім гэта рабіць. Гэта Еўрарадыё пацвердзіла і начальнік аддзела агітацыі і прапаганды ДАІ Мінгарвыканкаму Жана Трайно.
Жана Трайно: “Так і напісана, што зімовыя шыны рэкамендуюцца. Гэта значыць, што выкарыстоўваць зімой летнія шыны не забараняецца”.
На ўзроўні рэкамендацыі засталося і пажаданне перавозіць дзяцей на заднім сядзенні ў дзіцячым крэсле. Але, як патлумачыў Еўрарадыё супрацоўнік газеты “Автобизнес” Сяргей Міхайлаў, у правілах з’явіліся новаўвядзенні, якія могуць досыць моцна ўскладніць жыццё аўтааматарам.
Сяргей Міхайлаў: “Кіроўца, які стаў удзельнікам ДТЗ, абавязаны будзе запісаць не толькі даныя сведкаў, але і нумары машын, якія знаходзіліся паблізу. Калі чалавек пасля аварыі не вельмі добра арыентуецца ў абстаноўцы, ён павінен дакладна запісаць прозвішчы, імёны і нумары дзесяткаў людзей і машын”.
Найбольш значнымі зменамі знаўца з “Автобизнеса” называе пашырэнне “паўнамоцтваў” на дарозе ў машын аператыўнага прызначэння і дарожна-камунальных службаў. Яны могуць ездзіць як і дзе пажадаюць.
Сяргей Міхайлаў: “Ім цяпер дазволена перасякаць падзяляльныя палосы і лініі разметкі. Заязджаць на дарогу і з’язджаць з яе ў непрызначаных месцах. Раней гэта ім забаранялася. Хоць яны ўсё адно так рабілі”.
Удакладняюць правілы і памер фіранак ды жалюзі, якія можна вешаць на шкло ў салоне. Няпэўнасць папярэдняй фармулёўкі дазваляла вешаць іх не толькі на заднім шкле, але і на бакавых вокнах. Цяпер такім чынам можна ўпрыгожваць толькі задняе шкло.
З’явілася і ўдакладненне па паркоўцы машын. Там, дзе няма дарожных знакаў стаянкі, паркавацца можна толькі ўздоўж бардзюра.
Сяргей Міхайлаў: “Там, дзе няма знакаў, якія вызначаюць спосаб паркоўкі, аўтамабіль павінен стаяць паралельна праезнай частцы. Ні ў якім разе не пад вуглом”.
Менавіта на гэты пункт у правілах і раяць усе абазнаныя людзі звярнуць увагу аўтамабілістам у гарадах. У адваротным выпадку давядзецца заплаціць штраф за няправільную паркоўку – 15 тысяч 500 рублёў.
Фота — www.nowonews.lv