Забойства беларускі ў Галандыі: асуджанага на 11 гадоў мужа ціха адпусцілі

Беларускія сёстры забітай у Баарле-Насау Кацярыны Ханяк днямі атрымалі паперы з галандскай пракуратуры. Аказваецца, прысуджаны ў жніўні 2013-га да 11 гадоў пазбаўлення волі Роберт Ян Брокель у чарговы раз выйшаў на волю.

“Падазраваны абскардзіў пастанову суда. У сувязі з гэтым справа будзе наноў разгледжаная судовай палатай горада Хертогенбос, — распавядае пра змест дакумента Надзея Ханяк, сястра забітай Кацярыны. — І па справе будзе вынесены новы прысуд. Гэта азначае, што ўжо вынесены прысуд страціў прававую моц”.

Нагадаем, што дзікунскае забойства беларускі ў горадзе Баарле-Насау шакіравала не толькі нідэрландскія СМІ, але і ўсю Усходнюю Еўропу.

Гэта здарылася ў красавіку 2007 года. Кацярыну душылі і рэзалі нажом (дакладную прычыну смерці следства не вызначыла). Потым забойца паклаў цела ў скрыню для дзіцячых цацак, заліў будаўнічай сумессю і паставіў у шафу. Магчыма, ахвяра на той момант яшчэ была жывая.

Знайшлі цела беларускі толькі 18 лютага 2008 года. Паліцыя рэагавала на трывожныя сігналы з Беларусі доўга яшчэ і таму, што дом сям’і Брокеляў, трэба ж такому здарыцца, стаяў на самай нідэрландска-бельгійскай мяжы.

Адзіным падазраваным па крымінальнай справе праходзіў муж Роберт. Ён у красавіку 2007 года, адразу пасля забойства, прыхапіў сумесную з Кацярынай дачку Ніколь і вылецеў у ЗША. Там яго і затрымалі.

Абвінавачаны здавацца не стаў. Наняў першакласных адвакатаў і ўдала бараніўся. Асудзілі Роберта толькі у жніўні 2013 года. Цягам следства галандзец пераважна знаходзіўся на волі і паспеў трапіць у некалькі іншых крымінальных пераплётаў. У дачыненні да яго распачалі справы за выраб дзіцячай парнаграфіі і за перавозку какаіну.

Нідэрландская газета Baarle-Hertog, якая асвятляла судовыя пасяджэнні, прывяла на сваіх старонках, здавалася б, жалезныя аргументы следства:

“За дзень да знікнення жанчыны ён даведаўся пра яе адносіны з суайчыннікам Максімам... У вечар забойства тэлефоны ахвяры і абвінавачанага знаходзіліся ў адной зоне. А пасля забойства Брокель уводзіў у зман яе блізкіх: “Мы разышліся, яна недзе ў Нідэрландах”.

Адвакат абвінавачанага Ян Куіджперс настойваў на тым, што ў дом тэарэтычна маглі трапіць староннія асобы, а пакідаць цела жонкі ва ўласным доме ніякі забойца не стаў бы.

У выніку Роберту Брокелю далі 11 гадоў пазбаўлення волі. Пра гэта распавядалі многія СМІ. Але праз два тыдні адвакаты абскардзілі гэты прысуд. Абвінавачанага ціха выпусцілі. Амаль ніхто з медыяў пра гэты факт не дазнаўся. А паперы з праваахоўных органаў беларускія сёстры Кацярыны атрымалі толькі ў канцы кастрычніка.

Еўрарадыё будзе сачыць за працягам суда па гучнай крымінальнай справе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі