“Галандскі муж пырнуў Кацю нажом і кінуў паміраць у шафе”

120911 Valo6yn Holland.mp3

Кацярыну Ханяк забілі больш за чатыры гады таму — 13 красавіка 2007 года. Здарылася непапраўнае ў нідэрландскім горадзе Баарле-Насаў. І адзіны падазраваны — былы муж беларускі.

“Роберт пырнуў яе нажом у сцягно. А потым склаў у скрыню, заліў мантажнай пенай, і ўсё… Можа быць, чалавек сцякаў крывёю і жыўцом паміраў, — апісвае трагедыю Надзея Ханяк, сястра забітай Кацярыны. — Пра гэтыя акалічнасці падчас апошняга тэлефанавання нам паведамляў адзін з паліцэйскіх”.

Калі Кацярына загінула, Роберт Брокель уцёк у ЗША і праз пэўны час быў затрыманы ў адным з аэрапортаў. Паводле рашэння суда яго двойчы змяшчалі пад варту, але адвакаты дамагаліся вызвалення. 

Брокель, калі пазнаёміўся з беларускай, займаўся ў Нідэрландах ценявым бізнесам — утрымліваў бардэлі. А сваякам беларускай жонкі распавядаў, што валодае начным клубам. 

Надзея Ханяк узгадвае Еўрарадыё пра тое, як сястра пабралася шлюбам з замежнікам:

“Спачатку яны распісаліся, а праз паўтара года павянчаліся. Я сама была на вяселлі і ўсё гэта бачыла на ўласныя вочы. Жаніх як жаніх. Падавалася, што нармальны звычайны мужчына. Людзей на вянчанні было няшмат — чалавек 20. Патанцавалі, пагулялі, і аб 11 гадзіне разышліся ўсе спаць”.

На той час у Роберта і Кацярыны ўжо расла дачка Ніколь. Грошай было — хоць рыдлёўкай выграбай. Пра такую сям’ю, відаць, мараць многія беларускі. 

“Першапачаткова ўсё было добра. Ён яе кахаў. Было відаць, як добра ён да яе ставіўся, — кажа Надзея Ханяк. — Усё, што хацела, ён ёй даваў. Але з часам яна стала жыць, як у залатой клетцы. Ён ёй нічога не дазваляў. Нават прыязджаць у Мінск, і каб прыязджалі мы”.

Такі лад сямейнага жыцця напружваў Кацярыну маральна. Прыехаўшы аднойчы ў Беларусь, яна пазнаёмілася са звычайным хлопцам Максімам. Здарыўся раман. Пазней Максім пад выглядам брата Кацярыны сам выправіўся ў Баарле-Насаў і некаторы час жыў у доме Брокеляў.

Ці жывы-здаровы гэты Максім, ці выкрыў Роберт спецыфічныя адносіны жонкі і яе “брата” — невядома.

Падазраваны зрабіў парнаграфічныя здымкі з дачкой Ніколь?

 

“Сварыцца з Робертам яны пачалі за пару месяцаў да смерці. Каця скардзілася, што муж пачаў цягаць яе па параклубах, дзе абменьваюцца партнёрамі, — працягвае Надзея Ханяк. — Аднойчы яны пайшлі ў такі клуб, і яна адмовілася спаць з яго сябрам. Роберт зладзіў ёй дома скандал. І ледзьве не задушыў, але дзіцё заступілася за маму”.

Так выглядала Ніколь у год, калі забілі маму

Рэцыдыў усё ж такі здарыўся. 13 красавіка бездапаможную Кацярыну Ханяк паклалі ў скрыню і залілі ці то мантажнай пенай, ці то будаўнічай сумессю. Скрыню паставілі ў шафу маленькай Ніколь. 

Іншых падазраваных, акрамя Роберта Брокеля, няма. Але нідэрландзец наняў элітных адвакатаў і дагэтуль знаходзіцца на волі. Адвакаты патрабуюць зняць з кліента абвінавачванні з-за недаказанасці складу злачынства. А эксперты працяглы час не маглі высветліць прычыну смерці.

Роберт Брокель з адвакатам Янам Хэйнам-Куійперсам,

фота bndestem.nl

Выйшла яшчэ адна недарэчнасць: дом, дзе забілі Кацярыну, стаіць на мяжы Нідэрландаў і Бельгіі. Гэта ўскладніла следства.

Пасля даследавання ноўтбука Роберта Брокеля праваахоўнікі абвінавацілі яго і ў прадукаванні дзіцячай парнаграфіі. На вынятых з камп’ютара фотаздымках — яго дачка Ніколь.

Ніколь з бацькам і сябрам бацькі

Згодна з законам, дзяўчынка цягам следства не павінна камунікаваць з бацькам. Але жыве яна з галандскімі бабуляй і дзядулем.

Родных сясцёр Кацярыны нават не запрасілі на пахаванне

Паводле паведамленняў галандскіх медыя, Роберта Брокеля ў дадатак да ўсяго названага абвінавачваюць і ў транспарціроўцы наркотыкаў: разам з сябрамі ён спрабаваў перавезці ў Нідэрланды тры кілаграмы какаіну.

Але і гэтага, як відаць, недастаткова, каб упячы Брокеля за краты. Грошы і добрыя адвакаты вырашаюць праблемы.

У беларускіх жа сясцёр Кацярыны грошай няма. У Надзеі і Алены (старэйшай сястры) нават не спыталіся, дзе пахаваць іх блізкага чалавека.

Рэшткі цела нашай суайчынніцы атрымалі спачын у Нідэрландах. Сясцёр абурае, што ім пра гэта нават не паведамілі, а на надмагільным помніку не пазначылі даты нараджэння і смерці.

Фота Рамона Мангольдта

Сёстры атрымалі толькі адну афіцыйную паперу з Нідэрландаў, у якой апавядаецца, што судовыя пасяджэнні пераносяцца.

У гэтым дакуменце назву нашай краіны “Беларусь” пераблыталі з “Расіяй”.  

Усе акалічнасці схіляюць Надзею Ханяк да думкі, што пра справядлівы вынік следства ў справе забойства яе сястры амаль ніхто не дбае.  

Надзея Ханяк: Чаго мне сёння па-сапраўднаму хочацца гэта пабачыць сваю пляменніцу Ніколь, даведацца, як яна жыве, што ёй расказвалі. Хачу, каб яна ведала, што ў яе ёсць цёці, якім яна можа ў кожную хвіліну даверыцца. Калі можа, каб прыехала да нас у Мінск. Ці мы да яе паедзем. Хачу, каб яна ведала пра нас і ёй не казалі, што ў яе засталіся толькі бабуля і дзядуля. А яшчэ я хачу, каб яна даведалася ўсю праўду пра свайго бацьку: які ён ёсць насамрэч…” 

Яшчэ фота: 

Кацярына і Ніколь з бацькамі Роберта Брокеля

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі