Замест Выбарчага кодэкса ў камісіях чытаюць інструкцыі Цэнтрвыбаркама

Закон аб зменах у выбарчым заканадаўстве яшчэ не прыняты, а ЦВК ужо падрыхтаваў метадычку з інструкцыямі для выбарчых камісій. Лідзія Ярмошына абяцае, што яны больш дэмакратычныя, чым закон У панядзелак дэпутаты Палаты прадстаўнікоў аднагалосна ў першым чытанні прынялі законапраект аб зменах у выбарчае заканадаўства. Між тым, сябры выбарчых камісій чытаюць не Выбарчы кодэкс, а інструкцыі Цэнтрвыбаркама, напісаныя да яго. Пра гэта Еўрарадыё распавёў спецыяліст у галіне выбараў, юрыст Сяргей Альфер.

Сяргей Альфер:
“Выбарчыя камісіі карыстаюцца тымі брашуркамі, якія рыхтуюцца Цэнтрвыбаркамам, а ні ў якім разе не Выбарчым кодэксам. Яго яны не чыталі, не чытаюць і чытаць, напэўна, не будуць. Метадычныя рэкамендацыі з’яўляюцца для іх настольнай кнігай. Як там напісана — так яны і працуюць”.

Згодны з тым, што інструкцыі Цэнтрвыбаркама па прымяненні закона перашкодзяць зрабіць іх празрыстымі і дэмакратычнымі, і намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук.

Яраслаў Раманчук:
“Калі ў самім законе не будуць добра прапісаныя дэталі, то, безумоўна, будуць інструкцыі Цэнтрвыбаркама, якія і акрэсляць, да прыкладу, рэжым і характар удзелу палітычнай апазіцыі у выбарах. У справе падліку галасоў, у назіранні, у правядзенні экзіт-полаў і іншых рэчаў, якія вельмі важныя для правядзення паўнавартаснай кампаніі”.

Напрыклад, кажа ён, інструкцыі могуць давесці, якім чынам фармаваць выбарчыя камісіі, каб там было 30 адсоткаў прадстаўнікоў палітычных партый і грамадскіх арганізацый.

Яраслаў Раманчук:
“Ёсць такая рызыка, што гэтыя партыі будуць прызначаныя. Бо ў нас ёсць партыі не толькі дэмакратычныя, але і праўладныя. І тут можа быць рэалізаваны праект “Белая Русь”, які зойме ўсе месцы, і справа дэмакратычнага выбару будзе жорстка абмежаваная”.

Згодны з гэтым і старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Анатоль Ляўковіч.

Анатоль Ляўковіч:
“Застаецца тое, што гэтыя камісіі фармуюцца выканаўчай уладай. Хоць і пазначана магчымасць вылучэння прадстаўнікоў ад партый, але туды могуць патрапіць тыя партыі, якія не з’яўляюцца апанентамі ўлады”.

Невядома, кажа Яраслаў Раманчук, што напішуць у інструкцыях наконт назіральнікаў.

Яраслаў Раманчук: “Назіральнікі — гэта добра. Але як яны будуць працаваць? Ці будуць яны лічыць галасы? Ці будзе агучвацца, за каго пададзены кожны бюлетэнь? Тут столькі дэталяў, што на ўзроўні закона, я думаю, гэта не будзе прадугледжана і прапісана”.

Асабліва з улікам таго, дадае Сяргей Альфер, што ніякіх зменаў на гэты конт нават у новы варыянт Выбарчага кодэкса не ўносіцца.

Сяргей Альфер: “Калі б у законе было прапісана, што назіральнік павінен знаходзіцца ў такім месцы, каб ён бачыў, якім чынам праходзіць падлік, і бачыў тыя знакі, якія ставілі выбаршчыкі ў выбарчых бюлетэнях, — гэта было б адно. Тым не менш, гэта было пажаданне "самі ведаеце каго", а "самі ведаеце хто" не дазволіў, каб гэта было ўнесена ў выбарчае заканадаўства”.

Таму, кажа Альфер, усё, што тычыцца назіральнікаў, дакладна будзе залежыць ад напісанага ў інструкцыях Цэнтрвыбаркама.

Тое, што такія інструкцыі з тлумачэннямі да яшчэ не прынятага канчаткова закона ўжо рыхтуюцца, пацвердзіла Еўрарадыё і старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына.

Лідзія Ярмошына:
“Яны ўжо распрацоўваюцца. Проста мы пакуль іх не можам нікуды выпусціць з-за таго, што закон трэба прыняць. Усё ж павінна адпавядаць”.

Але кажа: не трэба баяцца інструкцый Цэнтрвыбаркама. Наадварот — яны будуць больш дэмакратычнымі за сам закон!

Лідзія Ярмошына:
“Звычайна мы ў сваіх метадычках пашыраем рамкі нормаў, робім іх больш дэмакратычнымі, чым гэта прадпісвае закон. Так што, баяцца няма чаго. Калі метадычкі і дзівяць, то прыемна”.

Што ж тычыцца грамадска-агітацыйных кампаній ды стварэння выбарчых камісій, то, паводле слоў старшыні ЦВК, гэта заканадаўчыя нормы, якія не будуць нават каментавацца ў метадычках. Вось толькі пра інструкцыі наконт назіральнікаў яна нічога не сказала.

Лідзія Ярмошына: “Дадзенае пытанне мы не возьмем на сябе з-за таго, што гэта занадта вострае пытанне, каб Цэнтральная камісія ўзялася яго судзіць і вырашаць адна”.

Атрымліваецца, што ў гэтым аспекце дэмакратызм інструкцый Цэнтрвыбаркама будзе заключацца ў тым, што яны дазволяць старшыням выбарчых камісій ставіць назіральнікаў там, дзе самі таго пажадаюць.

Фота: http://photo.bymedia.net/

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі