Затрыманую актывістку з Бараўлянаў Марыю Вайтовіч падазраюць у тэрарызме
Марыя Вайтовіч на сустрэчы з Наталляй Качанавай / baraulyanyInfo
Затрыманая 9 ліпеня актывістка Марыя Вайтовіч праходзіць па крымінальнай справе "Тэрарызм", паведамляюць @belhalat_by.
Марыя выхоўвае траіх непаўналетніх прыёмных дзяцей, вылучалася ў дэпутаты. Жанчына актыўна прымала ўдзел ў мясцовым грамадскім жыцці, займалася суботнікамі, добраўпарадкаваннем дзіцячых пляцовак і падтрымлівала розныя ініцыятывы.
3 чэрвеня адбылася сустрэча жыхароў Бараўлянскага сельсавета і Наталлі Качанавай. На гэтай сустрэчы Марыя Вайтовіч агучыла мясцовыя праблемы — дэфіцыт сацыяльных аб'ектаў, бяспека дарожнага руху, а таксама фактычная забарона на правядзенне сходу мясцовых жыхароў на тэрыторыі сельсавета са жніўня 2020 года. Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталля Качанава высока ацаніла ініцыятыўнасць жанчыны і адзначыла, "што трэба болей такіх неабыякавых грамадзян, як Марыя Уладзіміраўна".
Праз месяц, 9 ліпеня, супрацоўнікі КДБ правялі дома ў актывісткі ператрус, канфіскавалі тэхніку, а яе саму затрымалі. Маму траіх непаўналетніх дзяцей падазраюць "у сувязі з тэрарыстычнай ячэйкай".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.