Затрыманыя ў Мінску маладафронтаўцы – на свабодзе

Затрыманыя ў Мінску маладафронтаўцы – на свабодзе

Змітра Дашкевіча і Сяргея Пальчэўскага, якіх раніцай 24 верасня затрымала міліцыя, адпусцілі без складання пратаколаў. Актывісты "Маладога фронту" збіраліся ўдзельнічаць у зборы подпісаў на праспэкце Незалежнасці ў Мінску за наданне бел-чырвона-беламу сцягу статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці,

Як расказаў "Радыё Свабода" Зміцер Дашкевіч, яго схапілі каля Камароўскага рынку "два бандыты ў цывільным", якія не прадставіліся, забралі ў яго тэлефон і закінулі ў мікрааўтобус. Яго адвезлі ў пастарунак міліцыі, дзе трымалі шэсць гадзінаў без усялякіх абвінавачанняў, не складаючы ніякіх пратаколаў. Па словах Дашкевіча, міліцыянты казалі, што гэта не затрыманне, а размова, таму яна можа цягнуцца неабмежаваны час. Аналагічную шматгадзінную "размову" з праваахоўнікамі меў і Сяргей Пальчэўскі. Дашкевіча трымалі ў Першамайскім РУУС Менску, а Пальчэўскага – у Цэнтральным.

Нагадаем, што 24 верасня ў Мінску праходзіў збор подпісаў за наданне бел-чырвона-беламу сцягу статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці. Акцыю ладзяць актывісты “Маладога фронту” і аргкамітэту партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя. Мерапрыемства праходзіла, нягледзячы на затрыманне арганізатараў.

Збор подпісаў будзе працягвацца цягам месяца. Актывісты маюць намер перадаць іх гарадскім уладам.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі