Знікненне фрэндаў – каласальная страта для жж-юзера feduta (фота)

Кіраўнік дыпмісіі Вялікабрытаніі ў Беларусі Найджэл Гулд-Дэвіс нядаўна абзавёўся акаўнтам на ЖЖ. Знайсці яго можна пад нікам zubritanets. Брытанская амбасада правяла сустрэчу з беларускімі блогерамі. Айчынныя жж-юзеры абмяркоўвалі на сустрэчы, калі з’явілася беларуская блогасфера, як яна развіваецца і якая будучыня яе чакае.

Першым слова ўзяў юзер adam_hlobus:

“Узрост нашай блогасферы — прыкладна год, калі з’явіліся прафесіяналы. Раней гэта было аматарства. Людзі дзве клавішы націскалі і радаваліся, што яны папулярныя, пакуль не прыйшлі прафесійныя пісьменнікі, мастакі, фатографы. І яны, натуральна, усіх гэтых аматараў пасунулі. Я думаю, яны пасунуць іх канчаткова”.

На думку спадара Глобуса, цэнзура прывяла прафесіяналаў у ЖЖ:

“У нашых выданнях ёсць праблемы з цэнзурай. І аказалася, што можна жыць у трэцім свеце. Гэты трэці свет і ёсць блогі, дзе не трэба плаціць за стварэнне сайта”.

У жж-юзера feduta 854 фрэнды. Штораніцы і штовечар ён прачытвае сваю фрэндстужку. І кажа, што менавіта адтуль даведваецца большасць інфармацыі:

feduta: “Нідзе няма столькі інфармацыі, як у блогах. Я даведваюся адтуль усё, што адбываецца ў незарэгістраваных і ў недзяржаўных арганізацыях. Даведваюся ўсё, што адбываецца ў партыях. Даведваюся, аб чым пішуць калегі-журналісты. І калі звычайных блогераў пасунуць, як кажа спадар Глобус, для мяне гэта будзе каласальная страта".



Юзер agafon_bel лічыць, што беларускі блогінг пачаў развівацца раней, чым год таму, як сцвярджаў adam_hlobus. На яго думку, адпраўным пунктам сталі мінулыя прэзідэнцкія выбары:

agafon_bel: “Я думаю, што тут паваротным пунктам былі ўсё ж такі амаль два гады таму прэзідэнцкія выбары 2006 года. Менавіта ў гэты момант на форумах, на блогах, у Інтэрнэце абсалютныя непрафесіяналы, якія дагэтуль не былі ўцягнутыя ні ў якую палітыку, проста пачалі абмяркоўваць існуючую сітуацыю”.

А вось для жж-юзера lipski новы штуршок развіцця блогаў звязаны са з’яўленнем там палітыкаў:

“Знакавым момантам стала з’яўленне вядомых палітыкаў у блогах. Яны не з’яўляюцца інтэрнэтчыкамі. Аднак яны ўцямілі, што блогі – гэта значная медыйная прастора, таму яны пачалі яе асвойваць. Першымі былі Дабравольскі, Вайтовіч, Абрамава”.

Жж-юзер miramo палічыў важным вызначыць, на якім этапе беларуская блогасфера знаходзіцца зараз. На яго думку, ЖЖ ужо прайшоў этап лытдыбру (дзённікавасці) і грамадзянскай журналістыкі, зараз у livejournal сядзіць офісны планктон:

miramo: “Я гэта называю "офісны планктон". То бок, людзі сядзяць у офісах. І яны забіваюць там час, дакладна так сама, як у асьцы ці чаце. Калі пачытаць і ацаніць іх інфармацыю з якаснага пункту гледжання, то толькі 5% можа быць чагосьці карыснага”.

Старшыня савета дырэктараў парталу tut.by Юры Зісер прарочыць беларускаму блогінгу далейшае пашырэнне ў масах:

“Зыходзячы з таго, што вельмі шмат людзей патрапяць у блогасферу, я рызыкну выказаць думку, што праз нейкі час ніводны нармальны чалавек не будзе ў стане пералапачваць такую колькасць навінаў. І ўсё сканцэнтруецца вакол некалькіх блогаў”.



Аднак яму запярэчыў юзер miramo. Маўляў, айчынная блогасфера ізаляваная. Тут і невялікая колькасць Інтэрнэт-карыстальнікаў, і моўны аспект. Але яго супакоіў adam_hlobus:

“Ёсць ход: ты калі карцінку малюеш, то выходзіш хоць у Амерыку са сваёй карцінкай”.

Варта толькі дадаць, што спадар Глобус – быў адзіны з прысутных, хто атрымлівае грошы за постынгі ў сваім блогу.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі