ЗША: Паўночная Карэя дапамагае Расеі ў вайне з Украінай
Кім Чэн Ын і Уладзімір Пуцін
Паўночная Карэя паставіла ў Расію да тысячы кантэйнераў, напоўненых "абсталяваннем і боепрыпасамі", цягам апошніх некалькіх тыдняў, сказаў афіцыйны прадстаўнік Рады нацыянальнай бяспекі ЗША Джон Кірбі.
Паводле яго слоў, кантэйнеры экспартаваліся марскім і чыгуначным транспартам на склад забеспячэння на паўднёвым захадзе Расіі прыкладна ў 290 км ад украінскай мяжы. Пра якія менавіта боепрыпасы ідзе гаворка, ён не ўдакладніў.
"Мы асуджаем [Паўночную Карэю] за прадастаўленне Расеі гэтай вайсковай тэхнікі, якая будзе выкарыстоўвацца для нападу на ўкраінскія гарады, забойства ўкраінскіх мірных жыхароў і працягу незаконнай вайны Расіі", — сказаў Кірбі.
Мяркуецца, што расейскія ўзброеныя сілы расходуюць велізарную колькасць артылерыйскіх снарадаў і ракет у вайне з Украінай. І імкнуцца папоўніць свае запасы за кошт некаторых сваіх саюзнікаў.
У мінулым месяцы паўночнакарэйскі лідар Кім Чэн Ын прыязджаў у Расію, каб абмеркаваць патэнцыйнае вайсковае супрацоўніцтва. Некаторыя аналітыкі мяркуюць, што паўночнакарэйскі рэжым можа мець велізарныя запасы зброі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.