Кіраўнік КНДР Кім Чэн Ын трапіў ва ўкраінскую базу "Міратворац"
Кім Чэн Ын на авіязаводзе ў Камсамольску-на-Амуры
Старшыню Дзяржсавета КНДР Кім Чэн Ына ўнеслі ў базу ўкраінскага сайта "Міратворац". Інфармацыя пра яго з'явілася на сайце яшчэ 6 верасня (да яго візіту ў Расію і сустрэчы з прэзідэнтам гэтай краіны Уладзімірам Пуціным), адзначае "Медуза". Аднак СМІ звярнулі ўвагу на гэтую публікацыю толькі 15 верасня.
Сярод прычын, чаму паўночнакарэйскі лідар быў унесены ў базу, называецца "замах на суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Украіны" і "забеспячэнне расійскай вайсковай агрэсіі супраць Украіны і яе грамадзян". Лідар КНДР таксама названы "памагатым расійскіх вайсковых злачынстваў" і "суўдзельнікам злачынстваў расейскай улады супраць Украіны і яе грамадзян".
Нагадаем, у аўторак, 13 верасня Кім Чэн Ын сустрэўся з Уладзімірам Пуціным на касмадроме усходні ў Амурскай вобласці. Падчас сустрэчы паўночнакарэйскі лідар падняў келіх за здароўе Пуціна і заявіў, што ўпэўнены ў поспеху Расіі ў вайне супраць Украіны. Па выніках сустрэчы не было зроблена ніякіх заяў. Аднак склад дэлегацый паказваў на тое, што сярод тэм перамоў была і зброя. На Захадзе дапускаюць, што Пуцін можа прасіць Пхеньян аб пастаўках зброі для вайны супраць Украіны.
Сёння Кім Чэн Ын наведаў у Камсамольску-на-Амуры авіяпрадпрыемства па зборцы знішчальнікаў Су-35 і Су-57.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.