У Лондане канферэнцыю па экстрэмальнай спёцы адмянілі... праз экстрэмальную спёку
Спёка ў Лондане / vesti.az
У Лондане канферэнцыю па барацьбе з экстрэмальнай спёкай адмянілі... праз экстрэмальную спёку. Сустрэча мусіла прайсці ў Лонданскай школе эканомікі, але арганізатары вырашылі не рызыкаваць здароўем удзельнікаў, бо будынак ("як і большасць будынкаў у Лондане") не абсталяваны кандыцыянерамі.
На канферэнцыі збіраліся выступіць кліматолагі, а яе тэмай была заяўленая адаптацыя вялікіх гарадоў да зменаў клімата. І, у прыватнасці, да тэмпературы, якая паступова падвышаецца.
І ў Вялікабрытаніі, і ў матэрыковай Еўропе апошнімі днямі назіраецца рэкордная спёка, ад якой нават плавіцца асфальт. Надзвычай спякотна — да +39°C — і ў Беларусі.
Такія тэмпературы захаваюцца ў нядзелю і ў панядзелак. Далей будзе крыху палягчэй, хаця ўдзень тэрмометры ўсё роўна працягнуць паказваць больш за +30°C.