У Вялікабрытаніі забароняць прадаваць цыгарэты ўсім, хто нарадзіўся пасля 2008 года

Цыгарэты

Цыгарэты / pixabay.com

Брытанскі парламент ухваліў закон аб "пакаленні без тытуню". Ён забароніць продаж тытунёвых вырабаў усім, хто нарадзіўся пасля 31 снежня 2008 года.

Фармальна курэнне не забараняюць. Але купіць цыгарэты, цыгары і іншыя тытунёвыя вырабы людзі 2009 года нараджэння і маладзейшыя ўжо не змогуць — нават калі стануць дарослымі. Закон яшчэ чакае каралеўскага ўхвалення, пасля чаго ўступіць у сілу.

Міністр аховы здароўя Уэс Стрытынг назваў гэтае рашэнне "гістарычным момантам для здароўя нацыі". Паводле яго слоў, дзеці ў Вялікабрытаніі стануць "першым пакаленнем без курэння".

Закон таксама ўзмацняе правілы для электронных цыгарэт. Улады атрымаюць больш паўнамоцтваў для рэгулявання смакаў, упакоўкі і выкладкі вэйпаў. Абмежаванні на курэнне і вэйпінг закрануць дзіцячыя пляцоўкі, тэрыторыі школ, бальніцы і аўтамабілі, дзе знаходзяцца дзеці.

Брытанцы ідуць шляхам Мальдываў. З 1 лістапада 2025 года там дзейнічае падобная забарона: тытунь нельга прадаваць і купляць людзям, якія нарадзіліся 1 студзеня 2007 года або пазней. Мальдывы сталі першай краінай, якая ўвяла такую "пакаленчую" забарону на тытунь.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.