ЗША прыпыняць праграму дапамогі ўраду Грузіі за "антыдэмакратычныя дзеянні"
Акцыя пратэсту ў Грузіі ў траўні 2024-га
ЗША прыпыняюць праграму дапамогі ўраду Грузіі ў памеры больш за $95 млн. Рашэнне звязана з законам аб замежных агентах, прынятым у гэтай краіне ў траўні 2024-га, нягледзячы на масавыя пратэсты.
"Антыдэмакратычныя дзеянні і непраўдзівыя заявы грузінскага ўрада несумяшчальныя з нормамі сяброўства ў ЕС і NATO, — цытуе словы дзяржсакратара ЗША Энтані Блінкена jam-news.net. — Хаця мы прыпыняем аказанне дапамогі ўраду Грузіі ў сувязі з гэтымі дзеяннямі, Злучаныя Штаты працягнуць аказваць дапамогу праграмам і дзейнасці, якія прыносяць карысць народу Грузіі шляхам умацавання дэмакратыі, вяршэнства закону, незалежных СМІ і эканамічнага развіцця".
У траўні Вашынгтон аб'явіў пра ўсёабдымны перагляд двухбаковага супрацоўніцтва паміж ЗША і Грузіяй. Блінкен нагадвае, што "за 32 гады сяброўства і партнёрства... народ Злучаных Штатаў ахвяраваў больш за 6,2 мільярда долараў ЗША ў выглядзе дапамогі, чым унёс уклад у развіццё і ўмацаванне эканомікі і дэмакратычных інстытутаў Грузіі".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.