У Грузіі набыў сілу закон аб замежных агентах

Супраць прыняцця гэтага закона ў Грузіі збіраліся мітынгі

Супраць прыняцця гэтага закона ў Грузіі збіраліся мітынгі / AFP

Спікер парламента Грузіі Шалва Папуашвілі падпісаў закон аб замежных агентах. Зацвердзіць гэты дакумент мусіла прэзідэнтка краіны Саламэ Зурабішвілі, але яна адмовілася гэта рабіць.

Супраць прыняцця гэтага дакумента ў Грузіі збіраліся мітынгі. Праціўнікі прыняцця дакумента казалі, што кіруючая партыя ідзе па шляху Расіі з яе рэпрэсіўным законам аб замежных агентах, і гэта пагражае не толькі грамадзянскаму сектару і незалежным СМІ, але і еўрапейскай будучыні Грузіі. Нагадаем, у снежні мінулага года краіна атрымала статус кандыдата ў ЕС. Прэзідэнт Зурабішвілі спачатку наклала вета на закон (але парламент яго пераадолеў), затым адмовілася падпісваць, прапанаваўшы правесці рэферэндум. У выніку дакумент падпісаў спікер парламента.

"Сёння я падпісаў закон "Аб празрыстасці замежнага ўплыву". Мэтай гэтага закона з'яўляецца ўмацаванне палітычнай, эканамічнай і сацыяльнай сістэм Грузіі адносна ўмяшання звонку",— заявіў на брыфінгу Папуашвілі. З яго подпісам дакумент уступіў у сілу.

Новы закон прадугледжвае, што няўрадавыя арганізацыі і СМІ, якія атрымліваюць больш за 20% фінансавання з-за мяжы, павінны рэгістравацца ў якасці арганізацый, "якія праводзяць інтарэсы замежнай сілы". 160 грузінскіх НДА і СМІ ўжо заявілі, што не маюць намеру рэгістравацца ў рэестры замежных агентаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі