"З'язджайце, калі можаце": хто і чаму папрасіў украінцаў з'ехаць з краіны
Кіеў / фота Кіеўскай гарадской рады
Гендырэктар найбуйнай прыватнай энергетычнай кампаніі ДТЭК Украіны Максім Цімчанка папрасіў украінцаў падумаць пра часовы ад'езд з краіны, каб зменшыць ціск на энергасістэму. Кампаніі Цімчанкі дастаўляюць больш за чвэрць украінскай электраэнергіі.
"Калі людзі могуць знайсці альтэрнатыўнае месца жыхарства яшчэ на тры-чатыры месяцы, гэта будзе вельмі карысна для сістэмы", — сказаў Цімчанка ў гутарцы з ВВС.
З-за расійскіх абстрэлаў інфраструктуры пашкоджана амаль палова энергасістэмы Украіны. Напярэдадні зімы мільёны людзей засталіся без электрычнасці, а планавыя і пазапланавыя адключэнні энергіі зараз для шмат якіх рэгіёнаў Украіны сталі звычайнай з'явай. Урад заклікае ўкраінцаў абмежаваць выкарыстанне побытавых прылад, каб зменшыць ціск на энергасістэму краіны.
На думку Цімчанкі, ад'езд з краіны варта разглядаць як дапамогу Украіне.
"Калі спажываць менш, то шпіталі з параненымі салдатамі будуць мець гарантаванае электразабеспячэнне. Так што спажываючы менш ці з'язджаючы, вы дапамагаеце іншым людзям".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.