Абмежаванні на беларускія пастаўкі ў Расю здымуць цягам 10 дзён
Пра гэта дамовіліся віцэ-прэм'еры Беларусі Міхаіл Русы і Расіі — Аркадзь Дварковіч.
Як паведамляла Еўрарадыё, у Маскве прайшлі перамовы наконт паставак беларускага харчавання. У іх прынялі ўдзел віцэ-прэм'еры Беларусі Міхаіл Русы і Расіі — Аркадзь Дварковіч.
Па выніках перамоваў Міхаіл Русы паведаміў, што абмежаванні на пастаўку беларускай прадукцыі ў Расію будуць знятыя на працягу 10 дзён, перадае БЕЛТА. Таксама ён дадаў, што 4-5 снежня беларускія і расійскія ветслужбы правядуць працу па кожным беларускім прадпрыемстве, якое трапіла пад расійскія абмежаванні. Вынікам парцы павінен стаць план дзеянняў па вяртанні сітуацыі ў нармальнае рэчышча.
Нагадаем, што пад расійскія абмежаванні трапілі каля 20 беларускіх прадпрыемстваў. Па словах Русага, усе яны пераведзеныя ў рэжым пастаяннага маніторынгу. Бліжэйшымі днямі ў Расію перададуць усе неабходныя матэрыялы пра гэтыя прадпрыемствы.
Русы кажа, што з некалькіх беларускіх прадпрыемстваў абмежаванні могуць быць знятыя праз некалькі дзён. З астатніх абмежаванні будуць паступова здымацца цягам 10 дзён.
Фота — embassybel.ru