АБСЕ: Нацыянальныя асаблівасці не мусяць пераважаць над міжнароднымі стандартамі

АБСЕ: Нацыянальныя асаблівасці не мусяць пераважаць над міжнароднымі стандартамі

Кіраўнік назіральнай місіі Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ Тана дэ Зулуета распавяла ў эксклюзіўным інтэрв’ю Еўрарадыё пра тое, як праходзіла галасаванне на ўчастках, дзе перамаглі апазіцыйныя кандыдаты, як яны ацэньваюць абстаноўку ў Беларусі пасля выбараў і ці выконваюцца рэкамендацыі АБСЕ ў яе роднай Італіі

Еўрарадыё: Якія крытэры ацэнкі выбараў найбольш важныя для АБСЕ?

Тана дэ Зулуэта: Працэс, паводле якога АБСЕ ацэньвае выбары, даволі складаны. Мы глядзім, ці адпавядае ён Капенгагенскаму дакументу [дакумент, які абавязвае захоўваць правы і асноўныя свабоды чалавека — рэд.], наколькі выбарчы працэс праходзіць у адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам, іншымі міжнароднымі нормамі і стандартамі. Вядома, празрыстасць — асноўны крытэр, па якім ацэньваюцца выбары. Важная таксама колькасць кандыдатаў, прававыя межы, медыяасяроддзе, тое, наколькі выконваюцца палітычныя і прававыя свабоды.

Еўрарадыё: І які прагрэс Беларусь паказала па кожным з гэтых крытэраў?

Тана дэ Зулуэта: Улады паказалі сваю гатоўнасць выканаць гэтыя нормы. Але не ўся гэтая імпліментацыя была эфектыўнай. Не надта змяніліся і прававыя межы.

Калі казаць пра пазітыўныя змены, то перш за ўсё гэта тое, што ЦВК гарантавала большую свабоду для агітацыі, хоць яна не заўжды была бачнай. Некаторыя рэгіянальныя органы ўлады рабілі ўсё паводле гэтай пастановы, а некаторыя не. Гэта сведчыць пра пэўныя прававыя недасканаласці.

Калі казаць пра празрыстасць, мы атрымалі абяцанне, што для назіральнікаў гэтыя выбары будуць больш празрыстымі. Але гэтае абяцанне выконвалася няроўна. 20% нашых назіральнікаў не змаглі цалкам бачыць працэс падліку галасоў. Не ўсе абяцанні былі выкананыя.

АБСЕ: Нацыянальныя асаблівасці не мусяць пераважаць над міжнароднымі стандартамі

Еўрарадыё: Што вы думаеце пра нацыянальныя асаблівасці выбараў у Беларусі? Ці ёсць месца нацыянальным асаблівасцям падчас дэмакратычных выбараў або сапраўдныя свабодныя выбары мусяць быць аднолькавымі ва ўсіх краінах?

Тана дэ Зулуэта: Усе краіны маюць свае нацыянальныя асаблівасці, але яны не павінныя пераважаць над некаторымі ўзаемна ўзгодненымі міжнароднымі правіламі і дакументамі, такімі, да прыкладу, як Капенгагенская дамова. Паводле іх, дзяржава мусіць мець увесь шэраг фундаментальных свабодаў, не мусіць чыніць перашкодаў для рэгістрацыі кандыдатаў. Медыяасяроддзе павіннае быць вольным. Колькасць людзей і іх палітычная прыналежнасць у камісіях мусіць быць плюралістычна прадстаўленая.

Калі мы кажам пра практычныя рэчы, то, да прыкладу, выбарчая скрыня мусіць быць абароненая. Ёсць цэлы шэраг спосабаў зрабіць гэта. Калі яе без перашкодаў можна адчыніць і зачыніць, гэта ўжо непрымальна.

Еўрарадыё: АБСЕ ўвесь час кажа пра змены выбарчай сістэмы. Гэта значыць, што нам варта змяніць мажарытарную сістэму на змешаную? Чым яна будзе лепшая?

Тана дэ Зулуэта: Мы не даем рэкамендацыяў адносна выбарчай сістэмы. Сярод чальцоў АБСЕ ёсць краіны і з прапарцыйнай сістэмай, і з мажарытарнай. Гэта справа менавіта дзяржавы вырашаць, якую яна хоча сістэму. Мы толькі глядзім, каб выбары праходзілі свабодна, справядліва і празрыста.

Еўрарадыё: Калі параўнаць нас з краінамі СНД, дзе выбары праходзяць больш дэмакратычна?

Тана дэ Зулуэта: Параўноўваць выбары ў розных краінах — па-за нашым мандатам. Але ўсе могуць прачытаць справаздачы АБСЕ і зрабіць высновы. Некалі сама чытала справаздачу па Італіі, адкуль я родам, глядзела рэкамендацыі і зразумела, што далёка не ўсе рэкамендацыі былі выкананыя ў маёй краіне.

Іншая справа, што мы вучымся адно ў аднаго. Эксперты нашай місіі — людзі з розных краінаў. Некаторыя, наведаўшы шмат выбараў, могуць выкарыстоўваць іх досвед у сваёй краіне.

Еўрарадыё: АБСЕ пільна сочыць за тым, як улады працуюць над выбарамі. А ці ацэньваюць еўрапейскія назіральнікі дзейнасць апазіцыі: наколькі яна змагаецца за ўладу? А можа, толькі імітуе палітычны працэс?

Тана дэ Зулуэта: Калі казаць пра адміністрацыйны рэсурс, то мы сапраўды заўважылі злоўжыванні ім. Мы гэта бачылі і падчас мінулых выбараў. Кандыдатам, якія мелі доступ да такога рэсурсу, было лягчэй праводзіць мерапрыемствы, на ўсіх ступенях кампаніі яны мелі зусім іншы ўзровень падтрымкі.

Калі казаць пра апазіцыю, то мы сачылі за іх абмежаванай агітацыяй, якая мела месца. Мы бачылі, з якімі цяжкасцямі яны сутыкаліся. Таксама мы ведаем, што іх затрымлівалі падчас распаўсюду іх агітацыйнай прадукцыі, выдалялі з выбарчых участкаў падчас падліку галасоў.

Еўрарадыё: Я задаю гэтае пытанне таму, што можа падацца, нібыта апазіцыя робіць недастаткова для таго, каб перамагчы на выбарах і прабіцца ва ўладу.

Тана дэ Зулуэта: Гэта ўжо палітычная ацэнка. Мы не можам яе даваць. Гэта па-за нашым мандатам. Мы тут для таго, каб назіраць за выбарамі і ацэньваць, наколькі яны свабодныя і справядлівыя.

АБСЕ: Нацыянальныя асаблівасці не мусяць пераважаць над міжнароднымі стандартамі
Тана дэ Зулуэта. Фота: flickr/Salvatore Scalia

Еўрарадыё: Наколькі палітычная культура беларусаў адрозніваецца ад украінскай, казахскай або рускай і якія крытэры палітычнай культуры мае АБСЕ?

Тана дэ Зулуэта: У нас няма метадалогіі для ацэнкі палітычнай культуры. Але пра яе асаблівасці ў кожнай краіне таксама можна пачытаць у нашых справаздачах. Найбольш важная для нас культура талерантнасці. Мы заўсёды асуджаем мову нянавісці, дыскрымінацыю, расізм. Для нас важныя пытанні гендарнай раўнавагі. Важна, каб грамадзянская супольнасць рабілася больш моцнай. У нашым разуменні палітычная культура — гэта культура правоў чалавека.

Еўрарадыё: Вы ведаеце, як праходзіў працэс галасавання на ўчастках, дзе перамаглі апазіцыйныя кандыдаты?

Тана дэ Зулуэта: На мінскай акрузе [там, дзе перамагла Ганна Канапацкая — акруга 97] агульны працэс не быў добрым. Не ўсе працэдуры былі выкананыя належным чынам. Да прыкладу, сам працэс назірання мы маглі бачыць, але ўсё было арганізавана так, што мы не маглі пераканацца, што ўсе бюлетэні размяркоўваліся правільна. Гэта не было арганізавана так, як было сказана ў інструкцыях. Удзельнікі мясцовых камісіяў тлумачылі нам, што яны заўжды так рабілі і прывыклі так працаваць.

Можа, прысутнасць назіральнікаў якраз і паўплывала на вынікі па гэтай акрузе.

Што да акругі ў Стоўбцах [там, дзе перамагла Алена Анісім — акруга 70], у суботу будзе брыфінг па доўгатэрміновых назіраннях. І, я перакананая, як мінімум адзін участак гэтай акругі мы наведвалі. Якія-небудзь каментары адтуль мы атрымаем.

Адзінае, на што мы можам звярнуць увагу, — на гэтых акругах, дзе перамаглі апазіцыйныя кандыдаты, розніца ў галасах, аддадзеных за кандыдатаў, была значна меншай, чым на іншых акругах.

Еўрарадыё: Што вы можаце сказаць пра перыяд пасля галасавання?

Тана дэ Зулуэта: Нам абяцалі, што працэдура падачы скаргаў і заўваг будзе больш простай, празрыстай і ўсе рашэнні будуць публікавацца афіцыйна. Але гэтага не адбылося. Некаторыя скаргі зусім не былі публічна абмеркаваныя і не былі апублікаваныя. А такая магчымасць мусіць быць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі