Ад парафіі Чырвонага касцёла ў Мінску патрабуюць 43 тысячы долараў

Чырвоны касцёл у Мінску

Чырвоны касцёл у Мінску

Дзяржаўнае прадпрыемства "Спадчына" патрабуе ад парафіі Чырвонага касцёла аплаціць запазычанасць у 148 тысяч рублёў. Паводле цяперашняга курсу, гэта каля 43 тысяч долараў.

Такую суму назваў пробашч парафіі святога Сымона і святой Алены ў Мінску (закрытага Чырвонага касцёла) Франц Рудзь, піша katolik.life.

"Гэты доўг я атрымаў, і гэта на нашай парафіі. На заканчэнне года няма з чаго асабліва падводзіць вынікі. Але тое, з чаго я з вамі распачынаю, такая вось сітуацыя. Молімся аб тым, каб мы маглі вярнуцца ў свой касцёл, і каб там парафія жыла, як гэта было адпачатку", — звярнуўся святар да парафіянаў.

Ён падзякаваў вернікам за тое, што ў іх дружная парафія, якая збіраецца разам на працягу апошніх гадоў нягледзячы на закрыццё храма.

Пробашч не ўдакладніў, за што менавіта ўлады патрабуюць сплаціць запазычанасць. Можна меркаваць, што гэта адна з умоваў вяртання вернікаў у Чырвоны касцёл.

У 2020 годзе з парафіі ўжо спрабавалі спагнаць вялікую суму — 156 тысяч рублёў. Улады спасылаліся на "амартызацыю" храма і падаткі за карыстанне зямлёй. У парафіі палічылі гэтыя патрабаванні неправамернымі, а ў Курыі архідыяцэзіі назвалі выплаты непад'ёмнымі і несправядлівымі.

Улады зачынілі Чырвоны касцёл у цэнтры Мінска ў верасні 2022 года, спаслаўшыся на невялікае ўзгаранне, якое адбылося ў будынку. Сам будынак знаходзіцца ў дзяржаўнай уласнасці, але католікі карысталіся ім. Пасля закрыцця было абвешчана, што ў будынку правядуць рэканструкцыю, але ў абвешчаны тэрмін яна так і не пачалася.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі