Адмененая вечарына "Кнігазбору" прайшла ў холе Палаца Мастацтваў

Толькі зранку 17 сакавіка стала вядома, што запланаваная на 18.00 гэтага дня вечарына “Кнігазбору” не адбудзецца, бо Палац Мастацтваў у апошнюю хвіліну адмовіў з залай “па тэхнічных прычынах”. Вечарына была прысвечаная выхаду 50-га тома серыі “Беларускі кнігазбор”, які прадстаўляе класіку беларускай літаратуры. Мусілі выступіць Лявон Вольскі, Анатоль Вярцінскі, Уладзімір Някляеў ды іншыя творцы. Паколькі паінфармаваць людзей пра адмену імпрэзы было ўжо тэхнічна цяжка, галоўны рэдактар “Кнігазбору” Кастусь Цвірка ў 18 гадзінаў прыйшоў у Палац Мастацтваў, каб паспрабаваць дамовіцца з кіраўніцтвам. Прыйшлі таксама больш за 100 чалавек гледачоў, для многіх з якіх адмена мерапрыемства стала навіной. Праз пэўны час Кастуся Цвірку разам з дырэктарам выдавецтва Генадзем Вінярскім запрасілі ў кабінет да дырэктара Палаца Мастацтваў Аляксандра Зінкевіча на размову. Генадзь Вінярскі патлумачыў Еўрарадыё.

Генадзь Вінярскі:
Просяць да дырэктара Палаца мастацтваў зайсці — дык даведаемся… Нам сказалі, што па тэхнічных прычынах вечарыны не будзе — там і абвестка такая вісіць. Нам не растлумачылі гэтыя прычыны…

У размове дырэктар Палаца Мастацтваў паведаміў, што адмыслоўцы знайшлі ў актавай зале бэльку, якая трэснула – і ім давялося адмяніць тры імпрэзы, каб прыбіраць недахоп — іначай праводзіць мерапрыемствы небяспечна. Кастусь Цвірка, выйшаўшы ад дырэктара, вырашыў правесці імправізаваную вечарыну проста ў холе Палаца Мастацтваў, каб не расчароўваць гледачоў, якія настроіліся на мерапрыемства. У якасці сцэны паслужыла лесвіца на другі паверх. Не ўсе з запланаваных выступоўцаў узялі слова — усё-ткі гледачы назіралі за імпрэзай стоячы, многія з іх былі паважлівага ўзросту: таму спадар Цвірка вырашыў не зацягваць. Аднак некаторыя выступоўцы нават… заспявалі партыю з оперы! У прыватнасці, маэстра Віктар Скарабагатаў.

Віктар Скарабагатаў (спявае):

…Як з вячэры аднойчы
Кум куму вёў уночы.
Ён дзівіўся: О, Божа!
Кума йсьці ўжо не можа!..


Рэй вёў паэт Уладзімір Някляеў. Ягоная кніга “Выбранага” — адзін з самых свежых тамоў “Кнігазбору”. Паэт распавёў цікавую гісторыю стварэння кнігі.

Уладзімір Някляеў:
Я вельмі рады, што ў “Кнігазборы” выйшаў і мой том выбранага. Я ўдзячны Цвірку за тое, што ён пайшоў на такое неардынарнае рашэнне… Таму што “Выбранае” — гэта што? Гэта выбіраецца лепшае з усіх кніг, што ты надрукаваў. А я яму сказаў: “Аляксеевіч, а давай зробім такую штуковіну, што я дам табе ў “Выбранае” такія вершы, якія ячшэ нідзе не друкаваліся”. Ён трохі палыпаў вачыма, пасля сказаў: “Чаму не? Гэта будзе нават цікава!” Прагрэсіўны галоўны рэдактар лепшай серыі “Кнігазбор”, вось што я вам скажу!..

Уладзімір Някляеў падараваў Кастусю Цвірку мабільны тэлефон, каб Цвірка “у наступны раз аператыўна змог паведаміць пра адмену імпрэзы”, а таксама заклікаў па гэтым мабільніку “Гаварыць праўду!” (угадваецца празрыстая асацыяцыя з грамадскай кампаніяй “Гавары праўду!”, якую ініцыяваў і ўзначаліў Някляеў). Пасля паэт прачытаў некалькі сваіх вершаў, а скончыў выступ на ўзнёслай, эмацыйнай ноце.

Уладзімір Някляеў:
Як сведчыць “Кнігазбор”, беларуская нацыя сваімі лепшымі сынамі знайшла, што сказаць Богу. І гэта асноўны вынік таго, што мы сёння святкуем. Дзякуй вам, што прыйшлі!..

Галоўны рэдактар “Кнігазбору” Кастусь Цвірка пасля стыхінай імпрэзы падзяліўся з Еўрарадыё засмучэннем, што ўсё выйшла “абы-як”.

Кастусь Цвірка:
Ацэньваю вельмі кепска. Бо мы ж сабраліся, каб пагаварыць пра літаратуру, пра выданне гэтай літаратуры, пра нашу спадчыну, пра ўсе гэтыя пытанні. Гэта творчая ў нас мусіла быць вечарына. Таму на яе сабраліся музыкі, спевакі… — гэта мусіла свята быць!.. А так… Атрымалася абы-што…

18.00 Частка гледачоў чакае рашэння на вуліцы, частка — унутры Палаца Мастацтваў

Абвестка на дзвярах залы


Дырэктар выдавецтва Генадзь Вінярскі

Уладзімір Някляеў чытаў вершы з "Выбранага", якое выйшла ў "Кнігазборы"

Спявае Віктар Скарабагатаў. Замест сцэны — прыступкі.


Гледачоў сабралася больш за сотню

Галоўны рэдактар выдавецтва Кастусь Цвірка (злева) і паэт Уладзімір Някляеў

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі