Адпраўлены на Кубак IBU на "выпраўленне" Сяргей Бачарнікаў заняў 3-е месца
Асноўны склад мужчынскай зборнай Беларусі па біятлоне пасля няўдалага выступлення на другім этапе Кубка свету быў адпраўлены на спаборніцтвы рангам ніжэйшыя — Кубак IBU. Яны праходзяць у Аўстрыі. У індывідуальнай гонцы на 20 кіламетраў Уладзімір Чапелін быў 12-м сярод 112 удзельнікаў, Максім Верабей — 21-м, у кожнага з іх па тры промахі на чатырох агнявых рубяжах. А вось Сяргей Бачарнікаў заняў трэцяе месца, у яго толькі адзін промах.
Перамог Сімон Фуркад з Францыі (без промахаў), якому Бачарнікаў прайграў больш за дзве хвіліны.
Пазней прайшла жаночая індывідуальная гонка на 15 кіламетраў. Яе выйграла Каралін Каломба з Францыі. Беларуска Дар'я Юркевіч — 7-я, ад пераможцы яна адстала на 40 секундаў (Юркевіч страляла без промахаў, а ў Каломба быў адзін промах). Гэта добры вынік, агулам у гонцы ўдзельнічала 101 біятланістка.