У Кіеве адзначылі Дзень годнасці (фота, відэатрансляцыя)

21.00 Інфармагенцтва "УНІАН" перадае, што на Майдане застаецца блізу 10 тысяч чалавек. Больш дакладна палічыць складана, бо ў Кіеве ўжо цёмна. Частка мітынгоўцаў групуецца вакол сцэны, дзе працягваецца канцэрт. Іншыя ходзяць па Хрышчаціку. Працуе шмат кропак харчавання. Людзей заклікаюць не разыходзіцца на ноч і застацца на Майдане заўтра, бо ёсць пагроза разгону Майдана напярэдадні візіта Віктара Януковіча ў Маскву.

Нагадаем, сустрэча Януковіча і Пуціна запланаваная на 17 снежня.

 

 

20.00 Пікетаванне ўрадавых будынкаў прайшло без правакацый і сутыкненняў паміж мітынгоўцамі і міліцыяй.

18.00 Паралельна з апазіцыйнай акцыяй у Кіеве праходзіў "антымайдан" Партыі рэгіёнаў:

17.30 З Майдану Незалежнасці мітынгоўцы пайшлі калонамі пікетаваць урадавыя будынкі. Адна калона скіравалася да будынку Рады бяспекі Украіны на вуліцы Уладзімірскай, другая — да Міністэрства ўнутраных справаў на вуліцу Багамольца, а трэцяя — да Цэнтральнай выбарчай камісіі па плошчу Лесі Украінкі.

Людзі збіраюцца пратэставаць супраць палітычных пераследаў апанентаў улады, а таксама хочуць прымусіць Цэнтрвыбаркам аб’ектыўна вызначыць вынікі паўторных выбараў народных дэпутатаў у пяці акругах, якія праходзяць сёння.

17.00 Амерыканскія сенатары выступілі на Майдане. Рэспубліканец Джон Макейн і дэмакрат Крыс Мерфі заявілі аб падтрымцы іх краінай украінскага народу ў яго еўраінтэграцыйным выбары. Як перадае УНІАН, у часе выступу са сцэны на Майдане Макейн заявіў: “Ваш лёс — у аб’яднанай Еўропе”.

У пачатку выступу сенатараў высветлілася, што няма перакладчыка, і былы міністр замежных справаў Украіны Барыс Тарасюк пачаў перакладаць прамовы амерыканскіх палітыкаў.

16.15 Абстаноўка на Майдане пакуль спакойная. Пэўны час хадзілі чуткі, нібыта магчымыя правакацыі нават з выбухамі, але пакуль ніякіх надзвычайных здарэнняў не заўважана, перадае з месца падзеяў карэспандэнт Еўрарадыё Алесь Пілецкі. Звычайныя ўдзельнікі мітынгу не вераць, што нехта можа наважыцца на падобныя правакацыі. Такія чуткі за ўвесь час пратэстаў пайшлі ўпершыню.

15. 30 Украінская ўрадавая дэлегацыя не мае права падпісваць у Маскве ніякіх дакументаў, якія будуць перашкаджаць уступленню Украіны ў Еўрасаюз. Такую заяву зрабіў у часе мітынгу на Майдане Незалежнасці народны дэпутат Петр Парашэнка.



“17 снежня дэлегацыя ўраду накіруецца ў Маскву. Мы не ўпаўнаважваем яе падпісваць нейкія дакументы, якія зачыняюць шлях у Еўропу. І калі будзе падпісаны, то гэтыя людзі не прадстаўляюць народ Украіны”, — заявіў Парашэнка.



17 снежня ў Маскве адбудзецца паседжанне Украінска-Расійскай міждзяржаўнай камісіі пад старшынствам прэзідэнтаў Віктара Януковіча і Уладзіміра Пуціна, перадае УНІАН.

14.30 Сённяшняе Народнае веча пачалося з прамовы іерархаў праваслаўнай і ўніяцкай царквы. Галоўная думка, якую выказалі духоўныя асобы — украінскі народ павінен захаваць адзінства.


Мітынг прыхільнікаў улады перанеслі падалей ад Майдану. Ён адбываецца ў парку, там знаходзіцца каля 10 тысяч чалавек. Людзі збольшага слухаюць шлягеры савецкай і украінскай эстрады. Мітынгоўцам паказвалі запіс выступу прэзідэнта Віктара Януковіча. Час ад часу выступаюць палітыкі з праўладнай Партыі рэгіёнаў. Асаблівай актыўнасці мітынгоўцы не выяўляюць.

14.00 На Майдане Незалежнасці знаходзіцца каля 200 тысяч чалавек. Многія трымаюць у руках сцягі з назвамі гарадоў, з якіх яны прыехалі.

Непадалёк ад гэтага мітынгу ідзе акцыя ў падтрымку ўкраінскіх уладаў — прыхільнікі Партыі рэгіёнаў збіраюцца на Еўрапейскай плошчы і ў Марыінскім парку.



У Кіеве на месцы падзеяў працуе карэспандэнт Еўрарадыё Алесь Пілецкі.

Фота: korrespondent.net.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі