Актывіст дзеля эксперыменту прагаласаваў на двух выбарчых участках
Актывіст грамадскага руху “Дзея” Дзяніс Краўчук зладзіў эксперымент: ці зможа ён датэрмінова прагаласаваць на двух выбарчых участках. У яго атрымалася. Працэс галасавання на ўчастках у мінскіх школах №185 і №201 ён запісаў на відэа.
Дзяніс даведаўся, што адміністрацыі навучальных установаў прастаўляюць алоўкам у пашпартах студэнтаў пэўныя лічбы, пасля чаго ўладальнікі такіх пашпартоў ходзяць па розных выбарчых участках і галасуюць на іх.
Актывіст праставіў сабе ў пашпарт лічбы 000-179 і пайшоў галасаваць. На другім участку актывіст пацікавіўся ў старшыні камісіі, ці законна яму выдалі бюлетэнь, хоць ён не мае мінскай рэгістрацыі.
Хлопец патлумачыў сайту ucpb.by, што хацеў праверыць на практыцы, ці сапраўды ў Беларусі існуюць “каруселі” на выбарах. Ён сказаў, што прыйшоў на ўчастак і атрымаў бюлетэнь пад роспіс. Яго папрасілі распісацца за іншага чалавека, якому належаў бюлетэнь.
У скрыню для галасавання Дзяніс Краўчук укінуў аркуш паперы з надпісам “Стоп фальсіфікацыі”.