Андрэй Бастунец: Закрыццё невядомых сайтаў — папярэджанне ўсім астатнім

Як паведамляла Еўрарадыё, 22 студзеня Міністэрства інфармацыі Беларусі абмежавала доступ да двух сайтаў. Рашэнне аб забароне прынятае ў адпаведнасці з новым законам "Аб сродках масавай інфармацыі". Паведамляецца, што сайты выкарыстоўвалі вульгарную і табуяваную лексіку, "здольную нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам рэспублікі, у прыватнасці развіццю духоўна-маральнага патэнцыялу грамадства"

На думку юрыста, намесніка старшыні “Беларускай асацыяцыі журналістаў” Андрэя Бастунца, ужо толькі тое, што дагэтуль невядомыя назвы закрытых сайтаў, вельмі красамоўна.

“Пра што ідзе гаворка? Пра інфармацыю, якую размяшчала рэдакцыя сайту, ці пра каментары пад артыкулам? Мы нічога не ведаем, — каментуе Бастунец. — Пытанняў больш, чым адказаў. Адзіны адказ — Міністэрства інфармацыі можа рабіць што заўгодна, і гэта мы бачым на практыцы. На маю думку, нам проста дэманструюць на нейкіх лакальных, малавядомых сайтах (інакш мы б ужо ведалі, хто быў закрыты), што можа быць з іншымі. Я гэты крок разглядаю як папярэджанне ўсім астатнім”.

Намеснік старшыні БАЖ перакананы, што новая рэдакцыя закону "Аб сродках масавай інфармацыі" ўтрымлівае шмат недакладных фармулёвак, якія можна трактаваць у залежнасці ад сітуацыі. Нават пералік забароненай інфармацыі вельмі шырокі і не канкрэтны, што дазваляе закрываць рэсурсы за любыя матэрыялы.

“Ёсць такі артыкул №9, дзе гаворка вядзецца пра мову СМІ, — разважае юрыст наконт таго, як адпавядае законам закрыццё сайтаў за вульгарную і табуяваную лексіку. — Там напісана, што не дазваляецца выкарыстанне нецэнзурных словаў і выразаў. Гаворка ідзе не пра табуяваную лексіку ці што яшчэ, а канкрэтна пра нецэнзурную! Атрымліваецца, што артыкул №9 робіць нецэнзурную лексіку недазволенай для распаўсюджання інфармацыяй. А іншы закон дазваляе Міністэрству інфармацыі закрываць сайты за распаўсюджванне недазволенай інфармацыі… На маю думку, гэтая сітуацыя — пасыл для ўсіх астатніх”.

Ці закрыюцца ў бліжэйшы час яшчэ якія-небудзь сайты і ці чакаць прэтэнзій да незалежных СМІ, Андрэй Бастунец прадказваць не бярэцца. Маўляў, гэта пытанне выключна да міністра інфармацыі Ліліі Ананіч.

Лукашэнка падпісаў змены ў закон “Аб СМІ”: што ў ім новага?

Фота — nur.kz

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі