Апазіцыя дамовілася аб каардынацыі дзейнасці падчас выбараў
Беларуская апазіцыя 21 чэрвеня падпісала пагадненне аб каардынацыі сваёй дзейнасці падчас падрыхтоўкі і правядзеньня выбарчай кампаніі 2016 года, інфармуе БелаПАН. Пагадненьне было падпісана ў межах пастаянна дзеючай кансультатыўнай рады прадстаўнікамі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), Беларускай партыі левых “Справядлівы свет”, руху “За Свабоду”, руху “За дзяржаўнасць і незалежнасць”, руху салідарнасці “Разам”, незалежнага прафсаюзу РЭП, арганізацыйных камітэтаў па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада), Партыі працоўных, Партыі жанчын “Надзея”, Партыі свабоды і прагрэсу.
Падпісанты дакументу прымуць сумесную заяву з прапановамі Цэнтрвыбаркаму аб павышэнні празрыстасці выбарчага працэсу, фармаванні камісій і падліку галасоў.
Бакі дамовіліся распрацаваць сумесную частку паслання выбаршчыкам, узгадніць вылучэнне прадстаўнікоў ва ўчастковыя выбарчыя камісіі. Прадстаўнікам апазіцыйных дэмакратычных арганізацый рэкамэндуецца праводзіць сумесныя пікеты па зборы подпісаў за кандыдатаў у дэпутаты, сумесныя сустрэчы з выбаршчыкамі, а таксама ўзгадняць назіранне за падлікам галасоў.
Адзначым, што сярод падпісантаў пагаднення няма Партыі БНФ. Арганізацыя прыняла рашэнне не ўдзельнічаць у сумеснай працы на выбарах, бо, як заявіў старшыня партыі Аляксей Янукевіч, “гэта слаба ў параўнанні з нашай перадвыбарчай платформай”.