"Апошні золак" — беларускія музыкі супраць смяротнай кары (тызер)
Прамая трансляцыя з прэзентацыі новага музычнага праекта, прысвечанага праблеме смяротнага пакарання ў Беларусі, адбылася 5 кастрычніка.
Удзельнікі праекту, Лявон Вольскі, Аляксандр Памідораў, Ганна Хітрык, Анастасія Шпакоўская, Зміцер Вайцюшкевіч, Алесь Дзянісаў і Віктар Рудэнка, выступаюць за ідэю адмены смяротнага пакарання ў Беларусі.
Па словах каардынатара праекта журналіста Сяргея Будкіна, прэзентацыя "Золка" — гэта спалучэнне розных відаў мастацтва. Музыка і спевы пад акампанемент амаль што аркестра суправаджаюцца пясочным шоў і разнастайнымі інсталяцыямі.
Сяргей бачыць "Апошні золак" далёкім ад прынцыпаў агітбрыгады. Журналіст кажа, што “гэта песні для розуму”, якія мусяць застацца ў рэпертуары музыкаў асобна ад праекта:
“Натуральна, адна з мэтаў праекту — закрануць актуальнае для Беларусі пытанне наяўнасці ў нас смяротнага пакарання. Людзей мы хочам прымусіць падумаць пра гэта, паказаўшы праблему з дапамогай сродкаў мастацтва. Калі проста гаварыць пра смяротнае пакаранне, успрыманне адно, а калі казаць з дапамогай музыкі, можна абудзіць у людзях зусім іншыя пачуцці”.
Падчас прэзентацыі была адзнятая тэлеверсія канцэрта, якая пасля будзе выдадзеная на DVD.