Архіепіскапа БАПЦ Святаслава Логіна ўсё ж упусцілі ў Беларусь — паспрыяў МЗС
Архіепіскапа Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы Святаслава Логіна ўпусцілі ў Беларусь пасля ўмяшання Міністэрства замежных спраў.
Як паведаміў сьвятар БелаПАН, у ноч на 15 ліпеня ён накіроўваўся на VII з’езд беларусаў свету з Украіны на аўтобусе. На памежным пераходзе “Новая Гута” Логіна высадзілі з аўтобуса і паставілі ў пашпарце штамп аб забароне ўезду на беларускую тэрыторыю. Прычыну забароны святару не назвалі.
15 ліпеня Логіну патэлефанавалі з МЗС і паведамілі, што ён можа ўехаць у краіну. “Памежнікі вельмі здзівіліся, калі ўбачылі мяне зноў, але прапусцілі”, — сказаў Логін.
У суботу інфармацыя аб інцыдэнце была агучана на з’ездзе беларусаў свету ў Мінску, дзе прысутнічаў міністар замежных спраў Уладзімір Макей, паведамляе Радыё Свабода.