У Віцебску ліквідавалі чатыры спартовыя грамадскія аб'яднанні
У Віцебску зачынілі чатыры спартовыя аб'яднанні / pixabay.com, ілюстрацыйнае фота
Віцебскі абласны суд у траўні ліквідаваў чатыры спартовыя грамадскія аб'яднанні, піша "Віцебская вясна".
Гэта "Віцебскі гарадскі фонд дапамогі ветэранам спорту і перспектыўным спартоўцам", "Віцебская абласная федэрацыя хакея", спартовы клуб "Тыгр" (Полацк) і Віцебскі абласны парусна-маторны клуб "Агра". Ініцыятарам іх ліквідацыі выступіла кіраўніцтва ўпраўлення юстыцыі Віцебскага аблвыканкама.
Спартовы клуб "Тыгр" існаваў з 2009 года. У ім школьнікі займаліся тхэквандо.
Віцебская абласная федэрацыя хакея была зарэгістраваная як грамадскае аб'яднанне ў 2006 годзе. Раней яе ўзначальвалі начальнікі УУС Віцебскага аблвыканкаму. Апошнім па часе кіраўніком федэрацыі стаў экс-рэктар Віцебскага медуніверсітэта Анатоль Шчасны. На 1 студзеня 2022 года ў федэрацыі налічвалася 78 чалавек.
"Віцебскі гарадскі фонд дапамогі ветэранам спорту і перспектыўным спартоўцам" існаваў са снежня 1996 года — больш за 26 гадоў. Менавіта ў офісе гэтай арганізацыі ў траўні 2020-га прайшла сустрэча мясцовых палітычных актывістаў са старшынёй партыі "Беларуская сацыял-дэмакратычнага Грамада" Сяргеем Чэрачнем, дзе ён запрашаў людзей у сваю ініцыятыўную групу па выбарах прэзідэнта.
Віцебскі абласны парусна-маторны клуб "Агра" ў справаздачы за 2020 год пазначыў у сваім складзе 10 чалавек. Грошай клуб не атрымліваў і мерапрыемстваў не праводзіў.
Зачыстка грамадскіх аб'яднанняў у Беларусі адбываецца з ліпеня 2021 года. Пад ліквідацыю трапляюць арганізацыі самых розных кірункаў — праваабарончыя, экалагічныя, спартовыя, калекцыянерскія і нават пчаляроў-бортнікаў. Колькасць ліквідаваных НДА пераваліла ўжо за 1300.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.