Архітэктура — лакмусавая паперка эканамічнай сітуацыі ў краіне

111108 Davydava s.mp3

Еўрарадыё: Ці гэта праўда, што архітэктура прываблівае маладых людзей толькі з пункту гледжання на дызайн інтэр’ера? Усе хочуць займацца праектаваннем цікавых інтэр'ераў, а будаўніцтва гораду, прамысловае будаўніцтва моладзь зараз цікавіць менш?


Марына Давыдава: Справа ў тым, што праектаванне інтэр'ераў заняцце значна больш лёгкае, чым праектаванне будынкаў, не патрабуе столькі інтэлектуальных высілкаў і ведаў, як праектаванне грамадскіх будынкаў. Таму што для апошняга патрэбныя і досвед, і своеасаблівыя, паглыбленыя веды. А пасля універсітэта немагчыма займацца горадабудаўніцтвам гэта значна цяжэй, і творчасці там меней. І трэба адзначыць, што, напрыклад я, была ў пэўнай ступені расчараваная тым, што архітэктура – гэта досыць сумная і педантычная справа. Якім-небудзь новым аб'ектам можна займацца на працягу трох гадоў. А дызайн інтэр'ераў гэта справа досыць хуткая, якую можна зрабіць за два-тры тыдні і цешыцца плёнам сваёй працы.


Еўрарадыё: А наколькі гэтыя інтэр'ер-дызайнеры зараз запатрабаваныя ў Беларусі? Наколькі лёгка ім знайсці працу?

  

Марына Давыдава: Зараз, у час крызісу, дызайнеры інтэр'ераў увогуле могуць застацца без працы. І тут справа менталітэту. Людзі лічаць, што не варта купляць гэтыя паслугі, плаціць за іх вялікія грошы. Таму я думаю, што дызайнерам цяпер і праз некаторы час будзе цяжка.


Еўрарадыё: А горадабудаўнікі ім зараз будзе лепш? Ці таксама, як дызайнеры, яны будуць сядзець і чакаць, пакуль скончыцца крызіс?


Марына Давыдава: Наколькі мне вядома, няпростая сітуацыя сёння і ў архітэктараў. Архітэктура, як лакмусавая паперка, адлюстроўвае эканамічнае становішча ў краіне. Калі ёсць ў наяўнасці грошы, ёсць патрэба дзяржава будуе, як і звычайныя людзі. Калі праблемы – людзі не асабліва думаюць пра тое, каб аддаць дзесяткі тысячаў долараў на будаўніцтва жылля.


Еўрарадыё: Як сёння выглядае сістэма адукацыі беларускіх дойлідаў: ці гэта па-ранейшаму, як у савецкія часы, шэрасць і следаванне метаду сацыялістычнага рэалізму, ці з'явілася нешта новае, сучаснае?


Марына Давыдава: Для мяне нашая сістэма адукацыі чужая. Я студэнтка, якая шмат падарожнічае, ў тым ліку на еўрапейскія студэнцкія канферэнцыі. Там усё зусім іначай. А нашыя архітэктары не сочаць за сучаснымі еўрапейскімі архітэктурнымі навінамі, не глядзяць, што робіцца ў сусветнай архітэктуры, не пераймаюць найлепшыя ўзоры. І ад нашай адукацыі, як мне здаецца, карысці мала. Таму што, калі пераходзіш пасля універсітэта да працы, трэба перавучвацца, вучыць усё нанова, звяртаць увагу на іншыя рэчы.


Еўрарадыё: Наколькі кліенты хочуць матэрыалізацыі таго, чаму вас вучылі? Ці ім усё роўна, абы толькі нешта там пабудаваць, ці яны ўжо кіруюцца еўрапейскімі тэндэнцыямі?


Марына Давыдава: Я працую як рэканструктар і рэстаўратар. І ў гэтым архітэктарным накірунку складана яшчэ і таму, што прыходзіць замоўца гадоў шасцідзесяці, які кіруецца ў сваіх пажаданнях менавіта тым, чаму нас вучаць. Калі гэта мусіць быць дорага для іх гэта золата, мармур, граніт. Я гэтага не прымаю, таму што мне здаецца, што гэта ўжо састарэла. А калі займаешся інтэр'ерам, там маладых заказчыкаў значна болей і яны больш сучасныя. Тады можна падбіраць для працы больш цікавыя кампазіцыйныя матэрыялы, якія не горшыя, а на дадатак больш эстэтычныя.


Еўрарадыё: А калі людзі будуюць свае дамы, што яны хочуць будаваць – звычайныя, стандартныя канструкцыі ці, да прыкладу, нейкія экалагічныя праекты?


Марына Давыдава: Яны, можа і хацелі збудаваць нешта такое, але ўсё ўтыкаецца ў грошы. Таму большасць звычайных людзей хочуць, каб жыллё было даступным. Прамое адлюстраванне гэтай тэндэнцыі “панэлькі”, сацыяльнае жыллё. Мне здаецца, такія праекты не адпавядаюць нормам. Там пакоі-пеналы. У іх абсалютна немагчыма ні інтэр’ер добры зрабіць, ні мэблю добра паставіць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі