Аршанскія ўлады абяцаюць мемарыяльную шыльду на месцы сталінскіх расстрэлаў
Аршанскі райвыканкам абяцае ўсталяваць мемарыяльную шыльду памяці ахвяраў на камені на месцы сталінскіх расстрэлаў — у лясным урочышчы Кабыляцкая Гара. Такі адказ атрымалі ўдзельнікі грамадскай ініцыятывы "Кабылякі. Расстраляныя ў Оршы" на сваю просьбу ўшанаваць памяць сваякоў — ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, перадае Радыё "Свабода". Пакуль што на гэтым месцы знаходзіцца толькі камень, пастаўлены яшчэ ў часы СССР.
Разам з тым чыноўнікі заяўляюць, што ні ў аршанскім архіве, ні ў Віцебскім абласным, ні ў архіве КДБ па Віцебскай вобласці няма звестак пра месцы масавых расстрэлаў у 1920–1950-я гады. Пра гэта гаворыцца ў лісце, які атрымала з Аршанскага райвыканкаму ўдзельніца грамадскай ініцыятывы Ларыса Арэшына.
Сваякі ахвяраў сталінізму сабралі доказы таго, што расстрэлы ў 1930-я гады адбываліся на Кабыляцкай Гары. Яны прынеслі на прыём да старшыні райвыканкаму Аляксандра Пазняка копіі дакументаў з архіваў КДБ. Таксама быў пададзены акт камісіі 1982 года, калі падчас будаўніцтва чыгункі ў тых мясцінах знайшлі чалавечыя парэшткі. На падставе акту камісіі, у якую ўваходзілі пракурор, лекар-патолагаанатам і яшчэ чатыры адказныя асобы, Кабыляцкая Гара лічыцца першым у Беларусі афіцыйна прызнаным месцам масавых расстрэлаў.
У 1990-я гады ў гэтым месцы паставілі вялізны камень-валун з мемарыяльнай шыльдай — словамі паэткі Ганны Ахматавай: "Хотелось бы всех поименно назвать, да отняли список и негде узнать". Але шыльду скралі вандалы, якія палявалі на каляровы метал. Пасля 1996 года ўлады не дбалі пра гэтае месца. Яго парадкавалі толькі мясцовыя актывісты — штогод на Дзяды.
Тут з'явіліся самаробныя крыжы і шыльды, якімі людзі ўшаноўвалі памяць сваякоў, расстраляных пад Оршай.
Аршанскія чыноўнікі плануюць усталяваць новую шыльду замесь страчанай на працягу двух месяцаў. Змест надпісу на новай шыльдзе ўлады прапануюць абмеркаваць падчас асабістага прыёму 25 ліпеня. На прыём разам з Ларысай Арэшынай хоча трапіць Ігар Станкевіч, стваральнік ініцыятывы "Кабылякі. Расстраляныя ў Оршы".