Асвятляльнік Белтэлерадыёкампаніі: Качанава не адказала ні на адно пытанне

Акцыя пратэсту каля будынка Белтэлерадыёкампаніі ў Мінску 15 жніўня 2020 года / Еўрарадыё
Акцыя пратэсту каля будынка Белтэлерадыёкампаніі ў Мінску 15 жніўня 2020 года / Еўрарадыё

У панядзелак частка супрацоўнікаў Белтэлерадыёкампаніі можа распачаць страйк. Перамовы Наталлі Качанавай, якая ў тэрміновым парадку 15 жніўня прыехала ў тэлецэнтр, і тэхперсанала выніку не далі. Пра гэта пасля сустрэчы распавёў прысутным каля будынку Белтэлерадыёкампаніі асвятляльнік Уладзімір Цітарэнка:

"Яна казала фразамі як прэзідэнт, так званы. Мы ні да чаго не дамовіліся. Дамовіліся, што збярэмся ў панядзелак. Але Качанава наўрад ці прыедзе, таму што ёй не вельмі спадабаецца, як яе тут прынялі. Ёй задавалі пытанні — думалі, што атрымаем нейкія адказы. Чаму народ збіваюць амапаўцы? Чаму людзей забілі і ніхто за гэта да гэтага часу не адказаў? Чаму людзі да гэтага часу сядзяць на Акрэсціна? Усе гэтыя пытанні засталіся без адказаў".

Па словах Уладзіміра, тэхперсанал кампаніі выступае супраць "аднабаковасці" навін:

"Так, добра, можна паказваць і барацьбу за ўраджай, што заўгодна! Але асвятліць дэманстрацыю? Тут што, нічога не адбываецца вакол?" — паказвае рукой на тых, хто сабраўся, мужчына. Але, па яго словах, з 16-га жніўня павестка навін павінна памяняцца — паабяцала кіраўніцтва. Ён кажа, што калі нічога не зменіцца, у панядзелак 17 жніўня 80% тэхперсанала гатовыя распачаць страйк.

Дарэчы, сапраўды, ад сёння тэлеканаты Белтэлерадыёкампаніі і АНТ паказалі мірныя пратэсты ў Беларусі. Больш за тое, нават БЕЛТА ўпершыню за дзесяцігоддзі апублікавала ў сваёй стужцы людзей з бел-чырвона-белымі сцягамі. Вось гэта паварот!

15 жніўня да будынка Белтэлерадыёкампаніі на вуліцы Макаёнка прыйшло каля тысячы пратэстоўцаў. Незадоўга да таго з'явілася інфармацыя, што тэлевізійныя аператары збіраюцца аб'явіць забастоўку. Таму ў тэлецэнтр прыехалі Наталля Эйсмант, прэс-сакратар Аляксандра Лукашэнкі, і Наталля Качанава, старшыня Савета Рэспублікі. Разам з кіраўніком тэлекампаніі Іванам Эйсмантам яны правялі сустрэчу з калектывам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі