"Атлетыка" выйшаў у фінал футбольнай Лігі чэмпіёнаў (відэа)

"Атлетыка" выйшаў у фінал футбольнай Лігі чэмпіёнаў (відэа)

Мадрыдскі "Атлетыка" выйшаў у фінал футбольнай Лігі чэмпіёнаў. У аўторак у Мюнхене іспанская каманда прайграла "Баварыі" з лікам 1:2, але перамагла па выніках дзвюх сустрэч за кошт гола, забітага на чужым полі (першы матч "Атлетыка" выйграў — 1:0).

У першым тайме "Баварыя" дамінавала на полі, але гол удалося забіць толькі на 31-й хвіліне. Хабі Алонса ўдала прабіў штрафны ўдар (з дапамогай рыкашэту ад нагі абаронцы). Праз тры хвіліны ў браму гасцей прызначаецца пенальці. Томас Мюлер б'е ў левы кут, але Ян Воблак яго адбівае. Тым не менш, настрой у гульцоў "Баварыі" пасля першай паловы быў добры. Здавалася, што яны даціснуць "Атлетыка" і забяспечаць патрэбны лік.

Аднак гэтыя планы сарвала контратака гасцей. Фернанда Торэс на 53-й хвіліне вывеў Антуана Грызмана сам на сам з Мануэлем Ноерам — 1:1! У "Баварыі" разладзілася гульня, неяк было мала вастрыні ў завяршэнні атак. А "Атлетыка" загуляў больш смела і ўпэўнена. Усё змянілася на 74-й, калі Роберт Левандоўскі вывеў наперад "Баварыю". Але праз дзесяць хвілін на лініі штрафной пляцоўкі збіваюць Торэса, ён б'е пенальці і Ноер адбівае! У гаспадароў поля захаваліся шанцы на выратаванне, яны пайшлі на штурм, але забіць трэці гол не змаглі. У фінале згуляе "Атлетыка".

У другім паўторным паўфінальным матчы ў сераду, 4 траўня, у Мадрыдзе згуляюць "Рэал" і "Манчэстар Сіці". У першым паядынку была зафіксаваная нічыя 0:0.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі