Аўтару “Хронік раёна” Руслану Мірзоеву далі год калоніі
Адбываць пакаранне рэжысёр з народа будзе ў Шклове. Апошнія дні волі Руслан выкарыстаў для здымкаў антынаркатычнага фільма.
Як стала вядома Еўрарадыё, Руслана Мірзоева асудзілі яшчэ ў пятніцу 13 снежня. Яму далі год пазбаўлення волі за парушэнні падчас адбывання хатняй хіміі.
Да Новага года Мірзоеў прабудзе ў СІЗА, пасля ― яго адправяць у шклоўскую калонію агульнага рэжыму.
Крыніца паведаміла Еўрарадыё, што нейкіх асаблівых прэтэнзій на судзе Мірзоеў не прад’яўляў. Толькі паскардзіўся сваякам, што ў камеры “з 18 чалавек курыць 17”.
Нагадаем, што праблемы ў Руслана Мірзоева пачаліся пасля выхаду яго хітовых дакументалак ― “Хронікі МАЗа” і “Хронікі раёна”. У фільмах рэжысёр з народа выкрываў заганы сучаснай беларускай прамысловасці і паказваў, як жывуць нізы гарадскога грамадства. Мірзоеву далі 15 сутак за дробнае хуліганства (ненарматыўную лексіку ў кіно), а пасля распачалі крымінальную справу за парушэнні падчас адбывання хатняй хіміі.
У пазнейшых стужках Мірзоеў скараціў мацюкі, пачаў разважаць на філасофскія тэмы і займацца прапагандай здаровага ладу жыцця.
У апошнія дні перад зняволеннем Мірзоеў паўдзельнічаў у здымках новага антынаркатычнага фільма.