Азовец з пазыўным "Тэрор-машына" выехаў з Беларусі і сустрэўся з каліноўцамі

Дзяніс Прохараў ("Кіт") і Станіслаў Ганчароў ("Тэрор-Машына")

Дзяніс Прохараў ("Кіт") і Станіслаў Ганчароў ("Тэрор-Машына") / t.me/belwarriors/

Станіслаў Ганчароў, азовец з пазыўным "Тэрор-машына", выехаў з Беларусі і сустрэўся з каліноўцамі. "7 год ён правёў у вязніцах рэжыму Лукашэнкі і нарэшце атрымаў шанец на помсту", піша прэс-служба Палка Каліноўскага. "Вітаем у шыхце легенду сучаснага беларускага супраціву", — напісана пад здымкам, на якім Ганчароў разам з камандзірам каліноўцаў Дзянісам Прохаравым ("Кітом"). Гэта можа азначаць, што "Тэрор-машына" збіраецца вярнуцца ва Украіну і ўступіць у падраздзяленне. "Кіт" здзяйсняе паездку па краінах ЕС. Відаць, у адной з іх ён і сустрэўся са Станіславам Ганчаровым. Яны знаёмыя яшчэ з часоў "антытэрарыстычнай аперацыі" на Данбасе, у якой удзельнічаў тады яшчэ батальён "Азоў".

Жыхар Віцебска Ганчароў у 2014-2016 гадах знаходзіўся ва Украіне, уваходзіў у батальён (пазней — полк, цяпер — брыгада) "Азоў", дзе была група беларусаў. Вясной 2016-га ён вярнуўся ў Беларусь і быў затрыманы. 20-гадовы хлопец заявіў, што не ваяваў, а быў валанцёрам. Справу разглядаў Віцебскі абласны суд. У сакавіку 2017-га Станіслаў Ганчароў быў асуджаны на сем гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго прызналі вінаватым па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэксу, у тым ліку ў "злосным хуліганстве", "распальванні расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці або розні". У "наёмніцтве" не абвінавачвалі, але менавіта ўдзел у баявых дзеяннях ва Украіне мог быць галоўнай прычынай затрымання.

Суд адбываўся ў закрытым рэжыме і доўжыўся амаль тры месяцы. Разам з Ганчаровым па справе праходзілі яшчэ сем чалавек ва ўзросце ад 18 да 22 гадоў. Суд прызначыў ім розныя тэрміны — ад 1 года абмежавання волі да 6 гадоў пазбаўлення волі.

Афіцыйна Станіслава Ганчарова судзілі за здзек з падлеткаў. Паводле звестак следства, з 2012 года ён быў нефармальным лідарам каляфутбольнай групоўкі. У МУС РБ падкрэслівалі, што Ганчароў меў "неанацысцкія погляды", а на целе ў яго шмат нацысцкіх татуіровак.

У ліпені 2023-га Станіслава Ганчарова, які выйшаў на свабоду, затрымлівалі сілавікі. Яны паведамлялі, што іх зацікавілі якраз татуіроўкі. Калі азовец выехаў з Беларусі, невядома.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі