У Віцебску асудзілі "Тэрор-машыну" — за распальванне варожасці
Віцебскі абласны суд 3 сакавіка вынес прысуд групе мясцовых жыхароў, абвінавачаных у злосным хуліганстве і шэрагу іншых злачынстваў, піша tut.by.
Самы вядомы з падсудных — 20-гадовы віцяблянін Станіслаў Ганчароў. Хлопец, вядомы пад мянушкай "Тэрор-машына", ваяваў у Украіне на баку сілаў Антытэрарыстычнай аперацыі і быў затрыманы пасля вяртання ў Беларусь. Яго вінавацілі па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэксу: злоснае хуліганства; распальванне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці або розні; рабаванне; захоўванне з мэтай распаўсюду і распаўсюд прадметаў парнаграфічнага характару з выкарыстаннем інтэрнэту.
Ганчарова асудзілі на сем гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Разам з ім па справе праходзілі яшчэ сем чалавек ва ўзросце ад 18 да 22 гадоў. Суд прызначыў ім розныя тэрміны — ад 1 года абмежавання волі да 6 гадоў пазбаўлення волі.
Суд адбываўся ў закрытым рэжыме і доўжыўся амаль тры месяцы — з сярэдзіны снежня 2016 года. Чацвёра падсудных (у тым ліку Ганчароў) былі пад вартай, яшчэ чацвёра — пад падпіскай аб нявыездзе.
Ганчарова затрымалі за здзек з падлеткаў. Паводле звестак следства, з 2012 года ён быў нефармальным лідэрам каляфутбольнай групоўкі, заклікаў аднадумцаў зневажаць і збіваць людзей неславянскай знешнасці і сам даваў прыклад. Прычым сам Ганчароў удзельнічаў у збіцці і здзеках з падлеткаў.