Беларусу, які вярнуўся з Украіны, выставілі абвінавачанне
Жыхару Віцебска Станіславу Ганчарову, вядомаму па мянушцы "Тэрор-машына", які нядаўна вярнуўся з Украіны, выставілі абвінавачанне ў злосным хуліганстве (арт. 339 Крымінальнага кодэксу). Пра гэта ў чацвер паведаміў старшыня Следчага камітэта Беларусі Іван Наскевіч. Паводле яго слоў, папярэдняе расследаванне будзе хуткім. Ганчароў знаходзіцца пад вартай, інфармуе sputnik.by.
Як паведамляла Еўрарадыё, 20-гадовы Станіслаў Ганчароў у красавіку вярнуўся з Украіны. Неўзабаве яго затрымалі. Ганчарова абвінавачваюць у здзеках над падлеткамі ў кастрычніку 2013 года ў Оршы, пра што ёсць відэадоказы. Раней МУС Беларусі паведаміла, што затрыманы меў неанацысцкія погляды (у пацверджанне апублікаваныя фота татуіровак на целе маладога чалавека), у 2014-2016 гадах знаходзіўся ва Украіне, уваходзіў у батальён (пазней — полк) "Азоў". Беларускія праваахоўнікі правяраюць факт наёмніцтва. Сам Ганчароў падчас арышту заявіў, што не ваяваў, а быў валанцёрам.