"Пераступіў труп маленькай дзяўчынкі". Гісторыя акцёра Марыупальскага драмтэатра

Марыупальскі драмтэатр пасля расійскай атакі / svoi.city
Тры гады таму, 16 сакавіка 2022 года, расійская армія скінула на будынак драмтэатра ў Марыупалі авіябомбу. У гэты час у тэатры, паводле розных ацэнак, хаваліся ад 600 да 1500 чалавек. Паводле звестак пракуратуры Данецкай вобласці, у той дзень загінула каля 600 чалавек, выданне Associated Press пацвярджае гэтую лічбу.
У трэцюю гадавіну трагедыі выданне "Навіны Данбаса" паразмаўляла з Сяргеем Забагонскім — акцёрам, які граў на сцэне драмтэатра 19 гадоў. Ён расказаў, як не верыў, што будзе вайна, і як перажыў бамбёжку ў тэатры.
"Не мог падумаць, што Расія можа зрабіць дрэннае Украіне"
Сяргей нарадзіўся ў Луганску, але сям'я пераехала ў Горлаўку — там ён і вырас. Ён заўсёды хацеў стаць акцёрам. У пачатку нулявых Сяргей пачаў працаваць у Марыупальскім драмтэатры.
Сяргей быў шчаслівы — ён граў на вялікай сцэне аднаго з самых старых тэатраў на Данбасе і адразу ж закахаўся ў Марыупаль. З часам яму прапанавалі выкладаць акцёрскае майстэрства ў каледжы, але ў акцёра не было вышэйшай адукацыі. У 2010 годзе ён паехаў у Луганск і паступіў у Акадэмію культуры і мастацтваў. А ў 2014-м пачалася вайна.
"Над горадам лёталі самалёты, і я бачыў, што гэта не ўкраінскія самалёты. Я пра вайну тады не думаў нават, быў упэўнены, што гэта хутка скончыцца, усе дамовяцца. Я спакойна хадзіў па горадзе, хоць цэнтр ужо абстрэльвалі. Нікому не было страшна, усе хадзілі па сваіх справах, я працягваў вучыцца. Я тады падумаць не мог, што Расія можа нешта дрэннае зрабіць Украіне. Цяпер мне за такія думкі сорамна", — успамінае акцёр.
Сяргей кажа, што не асабліва звяртаў увагу на тое, што адбываецца вакол — у 2014 у яго ў Марыупалі нарадзілася дачка, ён быў цалкам занураны ў бацькоўства і не звяртаў увагі на стральбу вакол.
Сяргей пастаянна паўтарае, што яму сорамна за сваю тагачасную пазіцыю. У 2015 годзе яму давялося паехаць у Луганск забраць дыплом. Ехаць было страшна — многія пісалі, як абшукваюць і затрымліваюць людзей на блокпастах. Ён выдаліў усе праўкраінскія пасты ў сацсетках і паехаў.
"Блокпасты на ўезд я прайшоў без асаблівых праблем. У Луганску амаль не было вулічнага асвятлення. Жанчына, у якой я зняў пакой, скардзілася на велізарныя цэны. Я яшчэ прыехаў перад 9 траўня, там па вуліцах танкі ездзілі, тэхніка вайсковая, усё ў гэтых расійскіх сцягах. Стала шмат бяздомных, якія ўвесь час падыходзілі прасіць грошай. Я вельмі хацеў як мага хутчэй вярнуцца ў Марыупаль. Па дарозе назад праверкі былі вельмі жорсткімі".
Вярнуўшыся ў Марыупаль, Сяргей вырашыў, што больш не паедзе на акупаваныя тэрыторыі. Ён выхоўваў дзяцей, граў на сцэне і выкладаў акцёрскае майстэрства і сцэнічную прамову ў мясцовым каледжы.
Марыупаль тым часам квітнеў, у яго ўкладаліся вялікія грошы, Сяргей кажа пра яго "город-красотулька". Але ў яго тэатры былі людзі, якія вельмі чакалі прыходу Расіі.
"У нас быў акцёр, ён проста чакаў "рускага свету". Тады я спакойна з ім яшчэ мог размаўляць. Мы не сыходзіліся ў меркаваннях наконт таго, што Марыупаль павінен стаць расійскім, але мы абодва казалі пра тое, што Украіна і Расія павінны дамовіцца. Я ўсё яшчэ быў упэўнены, што гэта ўсё часова, што гэта не вайна".
Тэатральная камуна
24 лютага 2022 года кіраўнік тэатра напісаў усім супрацоўнікам, што ніякіх рэпетыцый не будзе, уся дзейнасць спыненая. Жонка Сяргея Яўгенія ўзяла дачку і сказала, што будзе хавацца ў драмтэатры. Сяргей застаўся дома з сынам ад першага шлюбу, яны гатавалі ежу і прыносілі яе сям'і ў тэатр. Сітуацыя хутка пагаршалася — абстрэлы з кожным днём узмацняліся, зніклі святло, газ, ацяпленне і вада. Сяргей з сынам перабраліся ў тэатр да Яўгеніі. Там было вялікае падвальнае памяшканне, у якім некалі мясціўся рэстаран. Ён не быў ніяк абсталяваны, але яго паказалі ў спісах бамбасховішчаў Марыупаля. У тэатр пачалі прыходзіць людзі.
"Я дамовіўся з кімсьці з гарадской управы, каб да тэатра пад'язджала машына з вадой. У тэатры арганізавалася цэлая камуна, шмат у чым дзякуючы маёй жонцы. У нас была свая ахова, медпункт, ваданосы, нават людзі, якія спальвалі смецце. У сакавіку ў нас ужо было дзесьці паўтары тысячы чалавек, я ўвесь час усім казаў: "Ідзяце ў туалет — вазьміце з сабой хоць бы літра 2 вады". Але ёсць людзі, якія разумеюць, а ёсць людзі, якім ва ўсіх сэнсах напляваць. Нам з жонкай потым даводзілася выграбаць усе з гэтых унітазаў".
Усе вокны былі забітыя, не змаглі закрыць толькі вітраж — ён быў занадта высока. Сяргей заўсёды лаяўся, калі дзеці гулялі каля іх. Людзі спалі на ўсім, што маглі знайсці. Мяккія часткі ад крэслаў у глядацкіх залах разабралі, каб на іх можна было легчы, аксаміт са сцэны і заслоны таксама раздаваліся людзям. Усіх стараліся сяліць ля апорных сцен, каб ніхто не пацярпеў у выпадку абстрэлу. Людзі спалі седзячы, а часам нават па чарзе. Тэатр быў перапоўнены. Ля будынка збіраліся калоны машын, якія чакалі зялёных калідораў, часта яны траплялі пад абстрэлы і ў выніку гараджане заставаліся ў тэатры — нехта на пару дзён, а нехта надоўга.
"У нас было вельмі шмат жывёл — катоў, сабак. Але я ні разу не чуў, каб нехта з іх гаўкнуў, усе сядзелі вельмі ціха. Быў мужчына-псіхолаг з папугаем. Ён увесь час забаўляў дзяцей і адцягваў іх ад таго, што адбываецца".
Ля драмтэатра з'явілася палявая кухня. Сяргей кожны дзень хадзіў па горадзе ў міжнародны Чырвоны Крыж, у гарадскі Чырвоны Крыж, бальніцы, валанцёрскія арганізацыі — па лекі, сродкі гігіены, ежу, генератары.
"Я дагэтуль не ведаю, чаму мне не было страшна хадзіць пад абстрэламі, — кажа Сяргей. — Я проста ведаў, што на мне ляжыць адказнасць за людзей, і рабіў сваю працу".
Уваходы ў тэатр ахоўвалі валанцёры, яны змяняліся кожныя 4 гадзіны. Перад будынкам з двух бакоў напісалі вялізнымі літарамі слова "ДЗЕЦІ". Тады яшчэ здавалася, што гэта можа захаваць жыцці людзей.
"Бачу труп маленькай дзяўчынкі — па ўзросце як мая Паліна"
Абстрэлы і бамбардзіроўкі Марыупаля з кожным днём рабіліся ўсё мацнейшымі. 15 сакавіка выбух пачуўся зусім побач з тэатрам, варонка ад прылёту была 7 метраў глыбінёй. На наступную раніцу жонка паклікала Сяргея пагаварыць у электрацэх, каб ніхто не адцягваў. Яна сказала мужу, каб будзе выязджаць з дачкой. Сяргей толькі паспеў сказаць, што ўсё разумее, як пачуўся выбух.
"Я пачуў толькі гук, ведаеце, быццам вельмі гучна пляснулі ў ладкі. Мы былі дзесьці за 20 метраў ад эпіцэнтра выбуху. З абодвух бакоў ад нас былі металічныя дзверы супрацьпажарныя, яны вельмі цяжкія. Я паспеў толькі ўбачыць, як адна з іх ляціць у спіну і ў галаву жонцы. На мяне, як выявілася, іншая ляцела. Яны склаліся над намі як будан. У мяне адна рука была свабодная, я не ведаю, адкуль я ўзяў сілы, але я скінуў спачатку з сябе дзверы, потым з Жэні.
Мы хацелі бегчы праз сцэну да дзяцей, яны былі ў бамбасховішчы, выходзім, а там проста куча металу, сафіты, бэлькі над столлю, усё ў адну кучу, карацей, сцэны проста няма. Жонка пабегла праз падвал, я выбег на вуліцу. Там усё разваленае, з-пад завалаў чуваць крыкі, побач хлопчык крычыць: "Тата, тата!" Пачынаю гарлаць на ўсіх вакол, каб разбіралі тэрмінова завалы. Бягу далей шукаць дачку. Заходжу ў драмтэатр, прабіраюся праз рэшткі целаў. Бачу перад сабой труп маленькай дзяўчынкі, яна па ўзросце як мая Паліна. Давялося яе пераступіць, я разумеў, што ёй ужо не дапамагчы. Яна дагэтуль у мяне перад вачыма стаіць.
Бамбасховішча цудам ацалела. Знаходжу дачку, сына, жонка ўжо была з імі. Кажу ім ісці да майго бацькі, ён жыў недалёка. Я застаўся, пачаў хадзіць па паверхах. Памятаю, што ўсе крычалі, паўсюль канцавіны, кроў. Да мяне падбегла адна валанцёрка і пачала казаць: "Назару палову чэрапа зрэзала!" — гэта быў яе хлопец. Што было далей, я дрэнна памятаю, у мяне ўсё змяшалася".
Не тэатр, а мемарыял загінулым
З Марыупаля практычна не было магчымасці выехаць на падкантрольную Украіне тэрыторыю, сям'і Сяргея давялося выбірацца праз Расію. Пабыўшы нядоўга ў сваякоў у Падмаскоўі, яны з'ехалі ў Еўропу.
Шлюб Сяргея распаўся, ён кажа, што і да поўнамаштабнай вайны яны з жонкай думалі пра развод. Пасля абстрэлу драмтэатра Яўгенія канчаткова прыняла рашэнне разысціся. Яна паехала з дачкой у Парыж, Сяргей з сынам — у Чэхію.
Пазней студэнты Сяргея паклікалі яго працаваць ва ўкраінскі тэатр у Эстоніі. Ён пераехаў туды праз год пасля трагедыі ў драмтэатры. Аказалася, што месцаў для "ўзроставага акцёра" няма — Сяргею 48 гадоў. Яму давялося пагадзіцца на пасаду мантажніка сцэны. Іншую працу знайсці складана, для гэтага трэба вывучыць мову. А вольнага часу ў яго практычна няма — каб запісаць гэтае інтэрв'ю, спатрэбілася тры дні, Сяргею даводзілася перарываць размову праз тэрміновыя выклікі на працу.
"Я трыццаць гадоў адпрацаваў акцёрам, я больш за ўсё ў жыцці люблю граць на сцэне. Мне ўсё адно, што граць, абы зноў апынуцца на сцэне. Гэтае пачуццё, калі вы ідзяце на паклон — гэта не проста адчуванні зробленай працы, ты быццам у паветра падымаешся. Кожная роля мяняла мяне, напаўняла. А цяпер я кожны дзень мантую сцэну, але выйсці на яе не магу. Гэта так балюча!"
Сяргей вельмі хоча вярнуцца ва Украіну. Але цяпер ён праходзіць у Гаагскім судзе ключавым сведкам па справе аб бамбардзіроўцы драмтэатра ў Марыупалі. Паводле ўмоў суда яму нельга падвяргаць сваё жыццё небяспецы, прыехаць дадому ён зможа, толькі калі скончыцца вайна. Ён гатовы ехаць у любы момант.
"Тут усё чужое, я хачу да сваіх, я хачу адчуваць роднае. Я ніколі не думаў, што стану такім патрыётам. Я 45 гадоў гаварыў на рускай мове, ужо тры гады я раблю ўсё, каб не проста заўсёды гаварыць на ўкраінскай, а думаць на ёй. Я шкадую, што прыйшоў да гэтага так позна".
Калі Сяргей начуе з кімсьці ў адным памяшканні, яму кажуць, што ён крычыць у сне: "Паветра!" Так ён крычаў у драмтэатры кожны раз, калі пачыналіся абстрэлы, каб людзі леглі на падлогу. Ён прызнаецца, што не бывае і дня, калі б ён не ўспамінаў трагедыю ў драмтэатры, асабліва дзяўчынку, якую яму давялося пераступіць. Калі ён кажа пра гэта, нам даводзіцца ўзяць паўзу — Сяргей плача. Я пытаюся ў яго пра вяртанне ў Марыупаль, Сяргей не задумваючыся адказвае, што першым вернецца, калі горад вызваляць.
"У мяне няма іншай мэты ў жыцці, акрамя як вярнуцца дадому. Хай у мяне не будзе там жылля, хай усё давядзецца аднаўляць — гэта мой дом. Толькі я хачу, каб будынак драмтэатра перастаў быць тэатрам, там павінен быць мемарыял усім загінулым. Немагчыма граць спектаклі на касцях".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.