Набліжаны да Лукашэнкі бізнесовец правядзе ў Беларусі фестываль з z-выканаўцамі

Бізнесовец Аляксандр Зайцаў / ООО "Тутбай медыя"
У чэрвені 2025 года на стадыёне “Мухавец” у Пружанах адбудзецца open-air фестываль “Сонцастаянне”, сярод хэдлайнераў якога — музыкі, што падтрымалі вайну ва Украіне.
Як высветліла выданне “Бюро”, арганізатар фестывалю — бізнесовец Аляксандр Зайцаў. У верасні 2024 года адна з фінансавых давераных асоб Лукашэнкі зарэгістравала на сваё імя таварны знак “Сонцастаянне”, а ў кастрычніку кампанія змяніла юрыдычны адрас, пераехаўшы ў Пружаны.
У спісе выступоўцаў — Юлія Чычэрына, Святлана Сурганава, гурты “Аліса”, “Арыя”, “Чайф” і “Крэматорый”. Некаторыя з гэтых артыстаў ужо ўдзельнічалі ў канцэртах на акупаваных тэрыторыях.
Фестываль “Сонцастаянне” быў заснаваны ў 2024 годзе і адразу атрымаў падтрымку расійскіх рок-выканаўцаў. Сярод удзельнікаў мінулага года былі Вадзім Самойлаў (“Агата Крысці”), Сяргей Бабунец (“Сэнсавыя галюцынацыі”), “Браты Грым”, “Парк Горкага”, “Кіпелаў” і іншыя.
У сацсетках фестывалю паднялася хваля крытыкі. Галоўныя нараканні — не толькі на склад удзельнікаў, але і на рэзкі рост цэн на білеты. Калі ў 2024 годзе яны каштавалі ад 23 да 285 беларускіх рублёў, то цяпер — 190–650 рублёў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.