“Ай эм фром Беларус”. Як жартуюць у эміграцыі, калі часам не да смеху
Яны былі вымушаныя пакінуць радзіму, але нават за мяжой працягваюць займацца любімай справай — стэндапам
Іх праца — смяшыць людзей. Як і многія суайчыннікі яны былі вымушаныя пакінуць радзіму, але нават за мяжой працягваюць займацца любімай справай. Гэта стэндап-комікі з Беларусі, Украіны і Расіі, якія не могуць вярнуцца дадому. Іх аўдыторыя — такія ж эмігранты, як яны самі.
Еўрарадыё распавядае, як гэта — жартаваць у замежжы, калі часам не да смеху.
“Інтэрнацыянальны, бо людзі бягуць ад рэжымаў у сваіх краінах”
“Ай эм фром Беларус”, — гучыць у зале і гледачы ўжо разрываюцца ад смеху. Мы ў Берліне на англамоўным стэндап-канцэрце. На сцене Андрусь Райн, комік з Беларусі.
25 лютага 2022 года ў Кіеве меў адбыцца канцэрт вядомага амерыканскага гумарыста Луі Сі Кея. Пабачыць жыўцом куміра хацеў і Андрусь. За некалькі дзён да мерапрыемства ён прыехаў з Мінска ва ўкраінскую сталіцу. Але ў Кіеве амерыканец так і не з’явіўся: 24 лютага Расія напала на Украіну. А хлопец так і не вярнуўся на радзіму.
“Тут не вельмі шмат беларусаў і не вельмі шмат беларускіх комікаў. Адзін. То-бок я”, — распавядае Андрусь пра сваё новае месца жыхарства — Берлін.
Пасля пачатку вайны Андрэй спачатку апынуўся ў Польшчы, дзе ладзіў стэндапы па-руску і па-беларуску. Праз паўтары гады ён знайшоў працу ў нямецкай сталіцы, куды і пераехаў. Цяпер ён засяродзіўся на англамоўных выступах. Горад гэтаму спрыяе: у тыдзень тут праходзіць 56(!) стэндап-мерапрыемстваў на англійскай мове — і гэта не дзіўна, кажа Андрусь:
“Берлін — інтэрнацыянальны горад. Людзі сюды прыязджаюць з усіх краін свету. Ён таму і інтэрнацыянальны, бо людзі бягуць ад рэжымаў у сваіх краінах”.
Не ўзіраючы на абраную мову для выступаў, у ягоным матэрыяле хапае беларускага.
“Для іншаземцаў я жартую пра Беларусь, бо збольшага яны нічога не ведаюць пра нас. І ў мяне таксама місія больш расказваць пра нашу сітуацыю ў нейкай камічнай форме”, — распавядае пра мэты свайго стэндапу Райн.
Еўрарадыё: А як увогуле рэагуюць на гэтыя жарты людзі, якія першапачаткова не ведаюць усяго кантэксту?
“Ім 100% гэта цікава. Але яны не ведаюць, што можа быць такая дыктатура. У іх былі свае дыктатуры, але крышку іншыя (смяецца)”.
На тым жа самым мерапрыемстве, дзе выступае Андрусь, сустракаем і Дзяніса Чужога, коміка з Расіі.
Еўрарадыё: Калі і, галоўнае, чаму ты вырашыў з’ехаць з Расіі?
“Калі? 24 лютага ўвечары. Дзень сышоў на думскроллінг, каб выпісаць плюсы і мінусы жыцця ў Расіі. І да вечара мы ўсё ж вырашылі рабіць ногі, вырашылі зрабіць усе справы і праз месяц выехалі, — распавядае Дзяніс. — У адной калодзе было тое, што мы з жонкай абодва з бедных сем'яў і мы вельмі шмат зрабілі для таго, каб нармальна жыць. У нас была свая кватэра, і ў ёй таксама ўсё было. І мы патрацілі нейкія гіганцкія намаганні на гэта, і якраз да канца 2021-га года ўсё склалася добра. І мы вельмі не хацелі гэта губляць. У другой калодзе — усё астатняе. Ну блін, PlayStation таго не варты. І мы сабраліся”.
“Суцяшэнне — адна з мэтаў майго стэндапу”
Дзяніс Чужы меў паспяховую кар’еру стэндап-коміка і сцэнарыста ў Маскве. Спачатку ён з’ехаў у Турцыю, а потым — у Германію. Выступае на рускай мове, але, як і Андрусь, будуе англамоўную кар’еру.
“Проста спрабую намацаць, што ў мяне агульнага з людзьмі. Бо як быццам я прыехаў і ведаў, як смяшыць рускамоўных людзей. І потым доўга прымяраўся, як весяліць, умоўна кажучы, еўрапейцаў. Таму што ты ім расказваеш нейкую жэсць пра сваё жыццё ў Расіі і бачыш, што замест смеху яны робяць вось так (здзіўляюцца. — Еўрарадыё). То бок, гэта іх палохае. Шукаеш нейкі баланс. Расказваеш пра тое, што з маім пашпартам цяпер не крута.
І прыкольна, што ты трапляеш у людзей з постсавецкай прасторы — і яшчэ, умоўна кажучы, у людзей з арабскіх краін, Турцыі, Індыі... Яны такія: "Так, мне з маім пашпартам хрэнова". І гэта прыкольна, што як быццам намацваеш людзей, хаця яны ўвогуле з іншых краін і іх краіны часта не агрэсары. Але нейкія агульныя праблемы ёсць. Што яны як быццам людзі нейкага другога гатунку. Я спрабую іх таксама суцешыць. Наогул суцяшэнне — адна з мэтаў майго стэндапу. Я цяпер спрабую знайсці яшчэ больш людзей, якіх можна суцешыць, акрамя рускамоўных”.
З Дзянісам мы гутарым падчас яго буйнога туру. Адзін з канцэртаў прыпаў на наступны дзень пасля смерці Аляксея Навальнага. Комік разумеў, што трагічная падзея дакладна адаб’ецца на настроі ягоных гледачоў. Аднак ён прыняў рашэнне не адмяняць мерапрыемства.
“Чым комікі з ТНТ не моцныя, так гэта тым, што яны робяць выгляд, што нейкіх рэчаў папросту няма. Яны выходзяць на сцэну і такія: “Таксі… так?”. Але гэта ўсё адно вісіць недзе. Людзі ж не могуць ігнараваць тое, што вайна ёсць. Як бы яны да гэтага не ставіліся, яны разумеюць і гэта, і тое, што памёр Навальны. Ты проста выходзіш і кажаш: “Я разумею, Навальны памёр. Мы ў яго верылі. Але думаю, ён бы засмуціўся, калі б даведаўся, што мы тут цяпер кіснем”. Калі ты кажаш, што “Я ведаю, што вас гэта турбуе”, што “Я не буду пра гэта жартаваць, але я ведаю, што гэта ёсць і мы без гэтага нікуды не дзенемся“, людзі гэта разумеюць — і далей прасцей. Трэба гэта прагаворваць, бо калі ты гэта ігнорыш, то нейкі ўнутраны боль застаецца”.
“Нам кажуць, каму вы там патрэбныя?”
“Заўважыў, што ўсе, хто з’ехаў па розных прычынах, комікі, з якімі я працаваў, — яны добра развіваюцца. Я бачу развіццё. Нам кажуць, каму вы там патрэбныя? А калі паглядзець на творчасць, якую робяць людзі за мяжой, яна якасная, цікавая, яна адлюстроўвае час”, — распавядае комік Ідрак Мірзалізадэ.
Ідрак — талыш паводле нацыянальнасці з беларускім пашпартам. Шмат гадоў працаваў у Маскве. Цяпер жыве ў Варшаве і ладзіць выступы ў тым ліку на беларускай мове.
“Тут ёсць прафесійная цікавасць: развівацца ў жанры, але не ў тым асяроддзі, дзе я быў. Тут я магу развіваць гутарковы жанр на меншую аўдыторыю. Гэта не найлепшы мой бок. Я гэта ніколі не развіваў, а вось на беларускай мове мне гэтым цікава заняцца”.
Еўрарадыё: Не баішся, што можаш згубіць частку аўдыторыі праз гэта?
“У мяне такая аўдыторыя, якая ўсё разумее. Ёй нават цікава сачыць за гэтым. Ёсць людзі, якія пішуць: “Я з Казахстана. Я ведаю толькі рускую і казахскую мовы. Цікава паглядзець на талыша, які размаўляе па-беларуску і спрабаваць штосьці разумець”.
У 2021 годзе Ідрака фактычна выгналі з Расіі. Пасля жарту, дзе ён высмейваў ксенафобію расіян, яго перабыванне ў краіне стала “непажаданым”. Коміку на 14 гадоў забаранілі наведваць краіну. Яшчэ да ад’езду Ідрак сутыкнуўся з пагрозамі, хейтам, арыштам і нават збіццём у цэнтры Масквы. Тая гісторыя збольшага забылася, але хейт прылятае дагэтуль. Аднак Ідрака ён, здаецца, не асабліва бянтэжыць.
“Для мяне хейт — гэта магчымасць знайсці дыскусію. Гэта значыць, што чалавеку патрэбная ўвага, і я магу яму гэта даць. З гэтага можна зрабіць кантэнт. Я сяджу і не ведаю, пра што расказаць. Няма новых жартаў — і тут бац! Хтосьці піша! Нейкія глупствы. І я такі: “О, напішу пра гэтага чалавека матерыял”.
Жыццё за мяжой, па словах Ідрака, даецца яму лёгка: “Я проста жыву, як я жыў у Мінску, як жыў у Маскве. І ў тым, і ў другім горадзе я быў эмігрантам”.
“Нам так добра, калі ты з намі жартуеш”
“Мяне завуць Таццяна Фішчук. Я з Украіны, з Жытомірскай вобласці. І ў Варшаве даволі даўно — ужо хіба восем гадоў, можа, крыху менш. Пераехалі з сям’ёй”, — распавядае пра сябе жанчына. Мы сустракаемся ў Варшаве. Праз некалькі хвілін яна падымецца на сцэну мясцовага клубу, дзе разам з аднадумцамі распавядзе пра тое, што баліць. Вядома, з гумарам.
Таццяна — камікеса і ўласніца стэндап-клуба “Укроп”. Хлопцы і дзяўчаты ладзяць украінамоўныя мерапрыемствы ва ўсёй Польшчы. Аб’яднаннне комікаў з’явілася ўжо пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну: улічваючы вялікую колькасць украінцаў у Польшчы, праблем з наведвальнасцю канцэртаў у іх няма.
Як жартаваць, калі ў тваім доме вайна?
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.