Як у Цэнтральнай Азіі адмаўляюцца ад рускай мовы
"Мы ўпэўнена рухаемся ў будучыню, дзе на рускай мове будзе размаўляць вельмі мала народу"
Цэнтральная Азія — адзін з нямногіх рэгіёнаў у свеце, дзе Расія ўсё яшчэ спрабуе кантраляваць моўную палітыку краін. Аднак з лютага 2022 года ўсё больш дзяржаў постсавецкай прасторы перабудоўваецца на шлях развіцця нацыянальных моў.
Як цяпер уладкаваны працэс вывучэння нацыянальнай і рускай моў у краінах Цэнтральнай Азіі, чаму развіццём моў у першую чаргу займаюцца актывісты і якія шляхі развіцця ёсць у нацыянальных моў? Расказваюць журналісты Facktchek.kz, Respublika.kz, Kloop, Your.tj, пры падтрымцы "Медыясеткі".
Таджыкістан: руская мова як перспектыўная
Руская мова ў Таджыкістане лічыцца ключом да паспяховай кар'еры і доступам да сучаснай літаратуры і тэхналогій. І хоць англійская мова нашмат перспектыўнейшая, руская для навучання ў Таджыкістане больш даступная. Да таго ж многія сем'і мяркуюць, што пасля школы дзеці паедуць вучыцца ў расійскія ВНУ ці потым паедуць у Расію на заробкі.
Пасля навучання ў школе выпускнікі, за выключэннем невялікай колькасці дзяцей, не могуць свабодна гаварыць на таджыкскай. Вучыць мову самастойна таксама складана. У 2023 годзе курсы па вывучэнні таджыкскай мовы можна было пералічыць па пальцах адной рукі, а гадзіна заняткаў каштавала амаль $20. Сістэма выкладання мовы не сфаравана. Да таго ж навучаюць у школах і на курсах літаратурнай таджыкскай, якая вельмі адрозніваецца ад сучаснай гутарковай мовы.
Чаму школьнікам прасцей размаўляць на англійскай і рускай, чым на таджыкскай? Як на гэта ўплывае інтэрнэт? Што кажуць аб праблемах з вывучэннем таджыкскай мовы ўлады краіны? Чытайце ў рэпартажы Your.tj.
Кыргызстан: выхад з-пад моўнага ціску Расіі
У канцы 2023 года ў Кыргызстане прынялі закон аб дзяржаўнай мове, абавязаўшы дзяржслужбоўцаў, дэпутатаў, педагогаў і медработнікаў валодаць кыргызскай мовай, інакш іх могуць нават звольніць. Расійскія чыноўнікі і прапагандысцкія СМІ ўжо заявілі, што гэты закон "недэмакратычны" і ўціскае расійскую мову ў Кыргызстане.
Але чыноўнікі пакуль яшчэ дрэнна ведаюць кыргызскую — гэта паказваюць моўныя тэсты, якія яны здаюць ужо тры гады: “Вельмі мала тых, хто здаў на ўзроўні А1, А2, Б1, Б2. Сярод іх менавіта нашы, кіргізы, не змаглі здаць. Бо яны першапачаткова былі арыентаваныя на рускую мову [у сваёй працы]", — расказвае Каныбек Асманаліеў і прапануе даць чыноўнікам час на павышэнне ўзроўню валодання кыргызскай, інакш, па правілах новага закона, іх трэба адразу звольніць з працы.
Згодна з дадзенымі перапісу 2022 года, у Кыргызстане з насельніцтвам амаль 6,7 мільёна чалавек на кыргызскай мове гаворыць каля 4,4 млн. І людзей, якія хацелі б вывучыць мову, становіцца ўсё больш. Развіваць мову і прывіваць да яе любоў у першую чаргу дапамагаюць актывісты.
З 2013 года ў Кыргызстане існаваў праект "Баластан", які выдаваў дзіцячыя кнігі на кыргызскай мове. А з 2017-га з'явіўся Buguppress, які перакладае на кыргызскую сусветныя бэстсэлеры: кнігі па бізнесе, эканоміцы і мастацкую літаратуру.
З'явілася ў краіне і студыя REC 55 — каманда энтузіястаў, якая робіць агучку фільмаў і серыялаў на кыргызскую. І нават IT-супольнасць DevKurultai, дзе можна навучыцца праграмаванню на кыргызскай.
Больш падрабязна пра тое, як улады Кыргызстана спрабуюць вывесці нацыянальную мову з-пад ціску Расіі, чытайце ў гэтым матэрыяле Kloop.
Казахстан: развіццём мовы займаюцца актывісты
У Казахстане, у сваю чаргу, сёння мова — адзін з найбольш канфліктагенных фактараў у грамадстве. У краіне перыядычна адбываюцца скандалы на моўнай глебе, мова стала галоўным кампанентам рыторыкі палітыкаў з нацыянал-патрыятычным парадкам дня, усё больш жорстка гучаць дыскусіі аб умацаванні пазіцый казахскай мовы.
Між тым відавочная галоўная праблема: ні адзін дзяржаўны менеджар за дзесяцігоддзі незалежнасці так і не змог вырашыць кіраўнічы чэлендж: як навучыць грамадства казахскай мове, як школьнікаў, так і дарослых, адзначае Factcheck.kz.
Мяняць сітуацыю ў краіне ў першую чаргу спрабуюць актывісты-энтузіясты. Так, пісьменнік Канат Тасібекаў стварыў сваю методыку вывучэння мовы і напісаў кнігу "Сітуацыйная казахская", каб па ёй ахвотныя маглі засвоіць мову, і заснаваў клуб казахскай мовы "МӘМІЛЕ".
Пры гэтым сам Тасібекаў пачаў вучыць казахскую толькі ў 50 гадоў:
"Мне стала сорамна, што я казах і не размаўляю на казахскай. Адзін доктар філалогіі пытаецца: а хіба да 50 гадоў у вас не было сораму? Я адказваю: да 50 у мяне былі іншыя прыярытэты, мне трэба было зарабляць, дзяцей на ногі ставіць, выдаць замуж дачку, жаніць сына... — тлумачыць ён выданню Respublika.kz. — Вывучэнне мовы — гэта вялікая інтэлектуальная праца. Патрэбныя і час, і рэсурсы".
Падрабязней пра актывістаў, якія папулярызуюць казахскую мову, чытайце ў рэпартажы Respublika.kz.
Каб разабрацца, як улады краіны вядуць сваю моўную палітыку і чым Казахстану можа дапамагчы досвед адраджэння іўрыту, валійскай і малайскай моў, чытайце даследаванне Factcheck.kz.
Туркменістан: поспех моўнай сепарацыі
Туркменістан далей за іншыя краіны Цэнтральнай Азіі прасунуўся ў рэвіталізацыі (аднаўленні — прым. рэд.) нацыянальнай мовы: па стане на 2020 год толькі 18% жыхароў краіны ў той ці іншай ступені валодалі рускай мовай. Спрыялі гэтаму вельмі радыкальныя рэформы.
З аднаго боку, палітыка кіраўніка Туркменістана Сапармурата Ніязава (ён узначальваў краіну з 1985 па 2006 год), разам з цяжкім сацыяльна-эканамічным становішчам у краіне, прывялі да масавага адтоку этнічных рускіх і рускамоўнага насельніцтва. З іншага — спрацавала радыкальная моўная палітыка, адзначае Factcheck.kz.
Ключавым момантам стаў пераход з кірыліцы на лацінскую графіку. Працэс суправаджаўся масавай прапагандай у СМІ. Дарэчы, пра СМІ: у краіне пакінулі толькі адну газету на рускай мове.
Рэформа закранула і адукацыю: нягледзячы на заяўленую палітыку трохмоўнага навучання (па-туркменску, па-руску, па-англійску), рускамоўныя школы і навучальныя праграмы ВНУ ліквідавалі.
Ці змяніўся ўплыў рускай мовы ў Туркменістане, калі ў 2013 годзе ўлады заявілі пра важнасць вывучэння афіцыйных моў ААН, у прыватнасці рускай, — чытайце ў разборы Factcheck.kz.
Узбекістан: крок наперад і два назад
Узбекістан — адна з краін ЦА, якая планавала перайсці з кірыліцы на лацінку. Працэс пачалі ў 1993 годзе. Але калі ў суседа, Туркменістана, усё атрымалася, то ўлады Узбекістана пастаянна пераносілі тэрміны: з 2000 на 2003, затым на 2010, а цяпер — на 2023 год.
На лацінку ўдалося перавесці частку школьных падручнікаў. Але ёсць нюанс: маладыя людзі, якія не валодаюць кірылічным варыянтам узбекскай, апынуліся фактычна адрэзаныя ад сусветнай літаратурнай спадчыны, бо вельмі нязначная колькасць мастацкай літаратуры, у тым ліку класічных твораў узбекскіх аўтараў, выдадзена лацінкай, адзначае Factcheck.kz.
Няхай руская мова не з'яўляецца афіцыйнай мовай ва Узбекістане, яна ўсё яшчэ пераважае ў вялікіх гарадах, захоўвае за сабой пазіцыі ў бізнесе і навуцы, а ў грамадстве ўмацаваўся стэрэатып, што навучанне на рускай больш якаснае, чым на узбекскай.
Як улады Узбекістана не могуць вызначыцца з уласнай моўнай палітыкай — чытайце ў разборы Factcheck.kz.
Як могуць развівацца нацыянальныя мовы ў краінах Цэнтральнай Азіі?
Перспектывы дзяржаўных і рускай моў у краінах Цэнтральнай Азіі прадказаць складана, але журналісты Factcheck.kz разгледзелі некалькі магчымых сцэнароў.
- Шлях чаканняў
Колькасць тых, хто размаўляе на рускай мове ў Цэнтральнай Азіі пастаянна скарачаецца за апошнія 30 гадоў — і гэта натуральны працэс. "Мы ўпэўнена рухаемся ў будучыню, дзе на рускай мове будзе размаўляць вельмі мала народу, пераважна яны будуць сканцэнтраваны ў найбуйнейшых гарадах — ва ўмоўным Алматы або Бішкеку. Астатнія гарады будуць гаварыць на нацыянальных мовах, і гэта нармальна, гэта натуральна", — кажа выданню Kloop эксперт цэнтра Карнегі Цемур Умараў.
Да таго ж рускія ў Цэнтральнай Азіі — старэючы этнас, чый сярэдні ўзрост складае 38-40 гадоў. Так што логіка гэтага сцэнара ў тым, што ўплыў рускай мовы сыдзе разам з носьбітамі рускай ідэнтычнасці і культуры.
Аднак на практыцы залежнасць становішча рускай мовы ад колькасці этнічных рускіх не настолькі прамая.
- Шлях забаронаў
Журналісты выдання Factcheck.kz адзначаюць, што ў Туркменістане і Латвіі спрацавала палітыка жорсткіх абмежаванняў на выкарыстанне рускай мовы. Так, у гэтых краінах дзяржаўныя мовы ўжо з'яўляюцца або хутка стануць адзінымі мовамі навучання (ад дзіцячых садкоў да старэйшай школы).
Падобны падыход стварае так званае "моўнае гняздо" — асяроддзе, дзе ўсе дарослыя размаўляюць з дзецьмі на мэтавай мове з малодшага ўзросту. Калі ў далейшым мову выкарыстоўваюць у ВНУ і на працоўных месцах, то мова выходзіць з побытавай сферы ўжывання ў прафесійную.
- Шлях кампрамісаў
У гэтым выпадку з аднаго боку краіны будуць укараняць мноства дзяржпраграм па развіцці мовы, а з другога — у розным выглядзе падтрымліваць рускую мову, каб захоўваць добрасуседскія адносіны з адным з асноўных эканамічных партнёраў — Расіяй.
- Шлях кааперацыі
Поспех у рэвіталізацыі мовы будуецца на прадуктыўным узаемадзеянні ўлады, экспертаў і грамадзянскіх ініцыятыў, адзначаюць у Factcheck.kz. Дзяржава прадстаўляе заканадаўчую рамку і фінансаванне, спецыялісты і актывісты ацэньваюць патрэбы грамадства і ўзровень гатоўнасці да пэўных рэформаў.
Ключ да паспяховай рэалізацыі любой мовы — у стварэнні пазітыўнай матывацыі для ейнага вывучэння і выкарыстання. Мову трэба зрабіць патрэбнай, карыснай, прэстыжнай. Эфектыўнае моўнае планаванне, як правіла, не бывае ні хуткім, ні папулярным ва ўсіх слаёў насельніцтва. Да таго ж гэтыя меры не прынясуць сваім ініцыятарам лёгкіх палітычных ачкоў, адзначаюць у Factcheck.kz. Змены будуць адбывацца павольна, так што значна прасцей выкарыстоўваць моўнае пытанне, гуляючы на папулісцкіх настроях грамадзян.
Цалкам высновы Factcheck.kz вы можаце вывучыць тут.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.