Беларусь — усходнеславянская Ірландыя? "500 гадоў таму нашу мову знішчылі"

"Так, мы не гаворым па-ірландску. Але калі вы назавяце ірландца англічанінам — паверце, атрымаеце вельмі хуткі адказ" / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
"Так, мы не гаворым па-ірландску. Але калі вы назавяце ірландца англічанінам — паверце, атрымаеце вельмі хуткі адказ" / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Аляксандр [імя змененае] пераехаў з Беларусі ў Ірландыю год таму. Усталяваў праграму "Дуалінга" і вырашыў перад паездкай вывучыць некалькі словаў на ірландскай. Далёка ў вывучэнні не прасунуўся — але прынамсі змог у новым офісе павітацца з калегамі:

— Maidin mhaith, — сказаў Аляксандр.
— Што-што? — перапыталі калегі.

— Мяне, вядома, пахвалілі, але сказалі, што нічога не зразумелі, — пазней дзяліўся з намі Аляксандр. На ірландскай у Ірландыі амаль не гавораць. Але часам у працоўнай перапісцы я дагэтуль пішу "дзякуй" па-ірландску і атрымліваю ў адказ шмат смайлікаў і станоўчых водгукаў.
 

“Тых, хто вучыў ірландскай мове, забівалі”

Карыстальнікаў "Дуалінга", якія вывучаюць гэтую мову, больш, чым усіх носьбітаў ірландскай. Хоць правільней было б сказаць не "ірландскай", а "гэльскай". І калі вы паспрабуеце загаварыць на гэльскай у Ірландыі, вас не зразумее 60% жыхароў.

Беларусь — восточнославянская Ирландия? “500 лет назад наш язык уничтожили”
Ірландыя / pixabay

Але ўлічваючы, праз што прайшла ірландская мова, ужо тое, што яна наогул выжыла, — цуд.

— Пісьмовая ірландская мова была знішчаная каля 500 гадоў таму. Яна цалкам знікла. Усе кнігі. Усе! Мову аднаўлялі нанова, — расказвае нам калега Аляксандра Дэвід Бірн.

Дэвід — адзін з тых, хто не толькі разумее гэльскую, але і можа на ёй гаварыць. У школе ён год вучыў усе прадметы на гэльскай.

— Калі Ірландыя знаходзілася пад уладай брытанцаў, вучыць гэльскую было забаронена. Калі ты вучыў ірландскай мове, цябе маглі забіць. Але многія настаўнікі ўсё роўна працавалі — у лясах, удалечыні ад цывілізацыі, нелегальна. І так было трыста гадоў.

А яшчэ мова перадавалася вусна, праз песні і гісторыі. Ірландцы ж вельмі добрыя апавядальнікі, і гэта дапамагло захаваць мову. Але толькі вусную мову. Гэта ўсё, што ў нас засталося.
 

“Фільм на ірландскай — гэта цэлая падзея”

Кожны дзень на гэльскай свабодна гаворыць усяго 7% насельніцтва краіны.

— Каб захаваць мову, трэба падтрымліваць яе, патрэбная пастаянная практыка. У большасці людзей у Ірландыі яе няма.

Беларусь — восточнославянская Ирландия? “500 лет назад наш язык уничтожили”
Указальнікі на ірландскай мове / Flickr

Напрыклад, калега Дэвіда Сара Хёрлі атрымала ступень бакалаўра мастацтваў, англійскай і ірландскай моваў. Але цяпер ёй спатрэбіцца час, каб уключыцца ў размову на гэльскай — таму што без пастаяннай практыкі нават родная мова забываецца.

— А калі вы апошні раз размаўлялі на ірландскай мове? — пытаем у Дэвіда.

— Некалькі фраз сказаў пару дзён таму, у пятніцу. А паўнавартасная размова... — Дэвід задумваецца. — Напэўна, з паўгода таму.

Іншая яго калега, Эдэль Грынэй, расказвае, што ірландскую апошнім разам выкарыстоўвала ў Грэцыі. У падарожжы яна робіцца для ірландца своеасаблівай "сакрэтнай" мовай.

— Гэта вельмі тыпова для ірландцаў — "успамінаць" гэльскую за мяжой. У гэтыя моманты аказваецца, што яна вельмі карысная. А потым прыязджаеш дадому — і забываешся на яе зноў.

Іян жыве ў сталіцы — Дубліне. Ён можа размаўляць па-ірландску — але не бачыць у гэтым сэнсу. Апошні раз ён размаўляў на гэтай мове ў школе. Часам на працы ў размове з калегамі можа ўставіць некалькі ірландскіх словаў. Але калі мы пытаем, калі ён апошні раз падтрымліваў доўгі дыялог на ірландскай, Іян задумваецца надоўга. Ну так, у школе. І ні разу пасля школы.

Калі хочаце пачуць гэльскую, трэба ехаць на Аранскія астравы. У іншых частках краіны на ірландскай гавораць рэдка — а вось убачыць мову можна ўсюды.

Беларусь — восточнославянская Ирландия? “500 лет назад наш язык уничтожили”
Ірландыя / pixabay

— Вы будзеце ісці па горадзе і заўважыце, што любая англійская шыльда абавязкова прадубляваная па-ірландску. Зойдзеце ў транспарт — і прыпынак спачатку абвесцяць па-ірландску і толькі потым прадублююць па-англійску. І ўся дзяржаўная дакументацыя таксама вядзецца на дзвюх мовах.

Калі хочаце пайсці ў палітыку, вам таксама трэба валодаць ірландскай, бо закон абавязвае дзяржслужбоўцаў адказваць на звароты на ірландскай мове толькі па-ірландску.

Аляксандру здаецца, што такая "расслабленасць" саміх ірландцаў што да мовы, магчыма, акурат і выкліканая клопатам пра яе з боку дзяржавы.

— Відаць, што сітуацыя ў краіне не напружаная, вось людзі і расслабленыя, не так клапоцяцца пра захаванне ідэнтычнасці праз мову. У беларусаў жа таксама імкненне да беларускай мовы вырасла менавіта ў 2020 годзе — як адказ на ціск уладаў.

І калі вонкава сітуацыі ў Беларусі і Ірландыі могуць падацца падобнымі, я бачу, што яны вельмі адрозніваюцца. Тут улады зацікаўленыя ў захаванні мовы. У нас усё інакш.
 

“Дзяцей вучаць чытаць словы, а лепш бы вучылі гаварыць”

Сара абараняла дыплом на ірландскай. Яна любіць гэтую мову, але і ёй не падабаецца, як яе выкладаюць у большасці школ.

— Мне здаецца, гэта вельмі састарэлая сістэма. Дзеці вучаць словы замест таго, каб вучыцца гаварыць.

Сын беларуса Аляксандра вучыцца ў звычайнай пачатковай школе — і вучыць ірландскую. Настаўніца яго хваліць.

— Але яны сапраўды проста чытаюць нейкія простыя фразы, вучаць некаторыя словы. Мне здаецца, у Беларусі ў чацвёртым класе дзеці нашмат лепш гавораць па-беларуску, чым у тым жа ўзросце ў Ірландыі — па-ірландску.

Беларусь — восточнославянская Ирландия? “500 лет назад наш язык уничтожили”
Ірландыя / pixabay

Але трэба сказаць, што калі паміж рускай і беларускай мовамі ёсць падабенства, то англійская і ірландская — гэта дзве зусім розныя мовы. І англійская ў вывучэнні ірландскай хутчэй перашкаджае. Літары быццам тыя самыя, але правілы пісьма і чытання зусім іншыя.

— О, зусім іншыя! — пацвярджаюць Дэвід і Сара і называюць адрозненні, для пералічэння якіх трэба было б напісаць асобны артыкул.

Іян згаджаецца — гэта вельмі цяжкая мова. І расказвае нам, чаму ў многіх дзяцей вывучэнне ірландскай сустракае супраціў. Прынамсі, так здарылася з ім самім.

— Мы вывучаем мову па старых паэмах і вершах. Я пачаў гаварыць на ірландскай у тры гады, у пачатковай школе — і скончыў у 17 гадоў. То-бок 14 гадоў вывучэння ірландскай. Для параўнання — французскую я вучыў усяго 5 гадоў. І ўсё роўна выпусціўся са школы, лепш валодаючы французскай, чым ірландскай.

Урад дэкларуе: гэта наша нацыянальная мова, нам трэба захоўваць яе. І гэта зразумела. Але ад гэтых заяваў методыка выкладання не мяняецца.

Пры гэтым без ведання ірландскай вы не паступіце ў добры каледж. Можаце бліскуча здаць экзамены па профільных дысцыплінах — але заваліць ірландскую. І праляцець з паступленнем.

Беларусь — восточнославянская Ирландия? “500 лет назад наш язык уничтожили”
Ірландыя / pixabay

А Дэвіду хацелася б, каб людзі любілі ірландскую, а не былі вымушаныя яе вучыць. Нядаўна ён прынёс у офіс прыгожую ілюстраваную кнігу. У ёй — назвы жывёлаў на ірландскай і кароткія гісторыі пра іх.

— Дэвід гаворыць з намі на англійскай, нікому не навязвае ірландскую — але ўсім відавочна, што ён вельмі яе любіць, — кажа Аляксандр. — Ён кажа, гэта вельмі апісальная мова. І так, я гартаў гэтую кнігу: назвы жывёлаў сапраўды відавочна звязаныя з тым, як яны паводзяць сябе ў прыродзе.

— Вы зразумееце краіну, калі зразумееце яе мову, — тлумачыць Дэвід. — Ірландская ўнікальная, і яна ўплеценая ў нашу культуру.
 

Нават не думайце сказаць мне, што я — англічанін

Карэспандэнт Еўрарадыё наважваецца на правакацыйнае пытанне: калі ўсе гавораць па-англійску, як я зразумею, што я ў Ірландыі, а не ў Брытаніі?

Аляксандр адказвае жартам:

— Усюды будзе рэклама "Гінэса", не заблытаецеся.

А Дэвід, Сара і Эдэль раяць у Ірландыі такіх пытанняў не задаваць.

— Я думаю, калі вы спытаеце любога ірландца, ці не англічанін ён, вы атрымаеце вельмі хуткі адказ, — смяецца Сара. — Нам вельмі не падабаецца, калі нашых папулярных акцёраў ці музыкаў называюць брытанцамі. І адказ на гэта заўсёды хуткі: э-э, не-не-не!

Беларусь — восточнославянская Ирландия? “500 лет назад наш язык уничтожили”
Ірландыя / pixabay

Дэвід нагадвае пра сітуацыю, у якую ў мінулым месяцы трапіў ірландскі акцёр Пол Мескаль. Брытанскі тэлеканал ВВС памылкова назваў Пола брытанцам. І праз некалькі тыдняў, у дзень уручэння кінапрэміі Брытанскай акадэміі, Пол даў інтэрв'ю на ірландскай мове.

Яго тады пахваліла ірландская пісьменніца Эйтнэ Шортал.

— Галоўная прычына, з якой мы не гаворым па-ірландску, у тым, што мы нервуемся ці трохі бянтэжымся. Мабыць, таму, што адчуваем: гэта наша нацыянальная мова, і мы мусім гаварыць на ёй свабодней,цытавала пісьменніцу New York Times.

Ірландыя цяпер — адзіная краіна ЕС, у якой гавораць на англійскай. Але год таму і гэльская мова нарэшце атрымала статус афіцыйнай мовы Еўрасаюза. Цяпер — амаль праз паўстагоддзя пасля таго, як Ірландыя ўвайшла ў ЕС — усе заканадаўчыя акты мусяць перакладацца ў тым ліку на ірландскую. Гэта адзін з сімптомаў таго, што мова адраджаецца.

Дэвід паўгода не вёў паўнавартасных гутарак на ірландскай мове, але калі мы пытаем, якая яго родная мова, ён адказвае вельмі хутка:

— Для мяне гэта ірландская мова. І гэта, дарэчы, вельмі па-ірландску. Мы ганарымся сваёй мовай, і нават многія з тых, хто наогул не можа на ёй гаварыць, назавуць яе роднай.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі