Сабраць войска, вывучыць фізіку і прызнацца ў каханні: па-беларуску можна ўсё

А яшчэ адстаяць свае правы, заключыць міжнародную дамову і паставіць дыягназ. Не верыце?

А яшчэ адстаяць свае правы, заключыць міжнародную дамову і паставіць дыягназ. Не верыце? / @rubanau_collage

Сярод стэрэатыпаў, якія любяць прапагандаваць аматары прынізіць беларускую мову, — яе няздатнасць для “складаных справаў”. У Дзень роднай мовы ўспамінаем толькі частку “складаных справаў”, якія можна павырашаць па-беларуску.


Адстаяць правы: юрыдычная лексіка па-беларуску

Адвакат Алесь Міхалевіч доўгі час быў адным з кіраўнікоў БНФ. Усё, што партыя рабіла, яна рабіла па-беларуску, таму праблемаў з лексічным запасам у беларускай мове ў Міхалевіча не было.

— Я ведаю і афіцыйную лексіку, якая доўгі час выкарыстоўвалася беларускай дзяржавай. Чаму “доўгі час”? Таму што ў пэўны момант законы перасталі выдавацца па-беларуску. Яшчэ за савецкім часам і ў першыя гады незалежнасці кожны закон, які прымаўся ў Беларусі, абавязкова выдаваўся на дзвюх мовах. Грамадзянскі кодэкс стаў першым дакументам без беларускамоўнай версіі.

Грамадзянскі кодэкс быў прыняты ў канцы 1998 года. Пераклад кодэкса на Нацыянальным прававым партале быў апублікаваны ў сакавіку 2020 года.

Часам юрыстам і мовазнаўцам даводзіцца займацца тэрмінатворчасцю — але гэта цалкам нармальна.

— Праблемы з тэрміналогіяй ёсць не толькі ў беларускай мове: ёсць яны і ў рускай, і ў англійскай. Часта трэба зыходзячы са сваёй прававой традыцыі ствараць уласныя паняцці, і гэта нармальна, што ў праве ствараецца шмат новага. Шмат якія прапановы, датычныя юрыдычнай тэрміналогіі, выносіліся мной асабіста.

Сабраць войска, вывучыць фізіку і прызнацца ў каханні: па-беларуску можна ўсё
Фізіка па-беларуску / Таварыства беларускай мовы

“Спецыфічнасць сітуацыі ў беларускай тэрміналогіі абумоўленая гістарычнымі і сацыялінгвістычнымі прычынамі. Пасля ўздыму тэрмінатворчасці 20-х гадоў наступіў заняпад. У межах БССР вялася моўная палітыка, скіраваная адначасова на звужэнне сферы ўжывання беларускай літаратурнай мовы і на так званае “збліжэнне” беларускай і рускай моваў. Выкарыстоўваўся мінімум галіновай тэрміналогіі, пры гэтым тэрміналагічныя набыткі 20-х гадоў як правіла ігнаравалі, замяняючы іх на калькі з рускай”, — пішуць аўтары гэтага слоўніка.

Праз тое, што шмат часу было страчана, а навука тым часам развівалася і вымагала новых тэрмінаў, складальнікі вымушаныя былі заняцца і тэрмінатворчасцю.

 

Пашыхтаваць вайскоўцаў: як камандаваць войскам па-беларуску

Ёсць цэлы шэраг слоўнікаў для беларускіх вайскоўцаў. Дапамагаць пераводзіць войска на беларускую пачаў яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя Вацлаў Ластоўскі.

У яго слоўніку быў раздзел з вайсковымі камандамі. Сярод іх, прыкладам, аналаг расійскага “равняйсь!”. Беларускім вайскоўцам прапаноўвалась раўняць шэрагі пад каманду “зважай!”.

Сабраць войска, вывучыць фізіку і прызнацца ў каханні: па-беларуску можна ўсё
Слоўнік Вацлава Ластоўскага / Радыё Свабода

А ў пачатку 90-х з’явілася адразу некалькі слоўнікаў беларускай мовы для войска. Так, у слоўніку ад 1996 года было 16 тысяч словаў і 14 тысяч словазлучэнняў вайсковай і побытавай лексікі. Яго стваралі акурат для вайскоўцаў Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь, памежных і ўнутраных войскаў.

Сабраць войска, вывучыць фізіку і прызнацца ў каханні: па-беларуску можна ўсё
Руска-беларускі слоўнік для вайскоўцаў / Міністрэрства абароны РБ

Мовазнаўца Вінцук Вячорка заўважае, што ў 1997 годзе ствараць новыя тэрміны пачалі спецыялісты з досведам службы ў войску. Тады падпалкоўнік Станіслаў Суднік і старшы лейтэнант Сяржук Чыслаў выдалі “Расейска-беларускі вайсковы слоўнік”, які ўтрымліваў 8 тыс. тэрмінаў і камандаў.

У гэтым слоўніку, прыкладам, прапаноўвалася сігналізаваць пра гатоўнасць выконваць загад воклічам “рэй!” (замест рускамоўнага “есть!”).

А “так точно” і “никак нет” прапаноўвалася замяніць на кароткія беларускія “так!” і “не!”.

Словам, беларускамоўнае войска — ніякая не ўтопія, слоўнікавы запас пад яго ўжо даўно распрацаваны.

 

Жарты па-беларуску яшчэ смяшнейшыя?

Беларускі комік і журналіст Еўрарадыё Міхась Ільін доўгі час выступаў па-руску. Часам — акурат на Дзень роднай мовы — пераходзіў на беларускую. Але ў 2022 годзе, з пачаткам вайны ва Украіне, апынуўшыся ў эміграцыі, Міхась з суполкай беларускіх комікаў пачаў выступаць па-беларуску.

— Асабіста мне спадабалася. І ідэалагічна, і з пункту гледжання зместу некаторыя рэчы гучаць лепей. У выніку па-руску не выступаю з восені 2022-га года. Пераважна таму, што гэта перастала мне падабацца. А я намагаюся не займацца рэчамі, якія мне не падабаюцца.

Апошні раз выступаў па-руску на разагрэве ў нейкага расійскага коміка ў Польшчы. Атрымаў нейкае агіднае адчуванне: разумеў, што выступаю пераважна на расійскую публіку. І тады зразумеў, што больш па-расійску выступаць не буду.

Сабраць войска, вывучыць фізіку і прызнацца ў каханні: па-беларуску можна ўсё
Міхась Ільін / з асабістага архіва

Але гэта мае і камерцыйныя наступствы. Перыядычна прапаноўваюць карпаратывы, але калі я раблю ўдакладненне, што выступаю па-беларуску, раптам аказваецца, што ў беларускай кампаніі працуюць два-тры казахі, якія не разумеюць беларускую. І мой беларускамоўны выступ робіцца непажаданым.

Міхась ужо цалкам адаптаваўся ў беларускамоўным гумары. Спачатку даводзілася перакладаць старыя жарты, праблем з гэтым не было.

— Як паказвае практыка, у Польшчы шмат не толькі беларусаў, але і ўкраінцаў. І ў іх няма праблемаў з разуменнем беларускай мовы. Хіба што асобныя словы непадобныя — напрыклад “чыгунка”. Украінцы ходзяць на нашыя беларускамоўныя мерапрыемствы, і гэта крута.

 

Ставіць дыягназы: як патлумачыць пацыенту, дзе ныркі?

Беларускі доктар Зміцер Кароль гаворыць з пацыентамі па-беларуску.

— Цікава, адкуль увогуле з’яўляюцца стэрэатыпы, нібыта нечага на нейкай мове нельга рабіць. Мова — гэта проста інструмент камунікацыі. Калі ў чалавека дастатковы ўзровень валодання мовай, ён можа працаваць з ёй у любой сферы.

Я заўважыў, што мае пацыенты лепш рэагавалі на беларускую мову, чым людзі на вуліцы ці ў краме. Людзям на вуліцы не хочацца думаць і ўключаць мазгі, а пацыент зацікаўлены ў тым, каб зразумець, што яму кажуць пра ягонае ж здароўе. У яго ёсць матывацыя разумець, і, магчыма, таму ён не кажа “я не понимаю ваш белорусский”.

Цяпер Зміцер працуе доктарам у Германіі, але ў польскім праксісе. Гэта ўрачэбны кабінет кшталту прыватнага медычнага цэнтра. Тут урачы і большасць пацыентаў – носьбіты польскай мовы. Нямецкай валодаюць не ўсе, але праз беларускую атрымліваецца знайсці паразуменне.

і Польшчы, і нават палякі разумеюць ягоную беларускую. Вядома, і ў Беларусі былі людзі, якія не разумелі, скажам, слова “ныркі”. Зміцер ці паказваў, дзе гэта — ну ці папросту перакладаў. Бо як для медыка для яго найважнейшая задача была ў тым, каб пацыент дакладна зразумеў і дакладна разабраўся з тым, што яму рабіць.

— Людзі ж не на філфак прыйшлі, а каб дазнацца пра свае праблемы са здароўем. Таму для мяне галоўнае — каб чалавек зразумеў адказы на пытанні, якія ён паставіў перада мной.

Але так, як практык магу пацвердзіць: медыкі могуць працаваць па-беларуску. Але дзеля таго, каб працаваць на пэўнай мове, трэба мець практыку. Мне пашчасціла мець добрых сяброў, якія дапамаглі мне перайсці на беларускую.

 

Ну і пра галоўнае

Беларускі паэт Максім Багдановіч даказаў, што па-беларуску можна пісаць і складанай вершаванай формай санета. Менавіта ён увёў такую форму ў беларускую літаратуру. Каб ацаніць выкшталцонасць санетаў Багдановіча, пачытайце яго зборнікі “Санеты” і “Вянок”.

Адным словам, па-беларуску можна не проста прызнацца ў каханні, але і зрабіць гэта ў форме санета.

Дарэчы, а вось і санет уласна пра Беларусь:

Паміж пяскоў Эгіпецкай зямлі,
Над хвалямі сінеючаго Ніла,
Ўжо колькі тысяч год стаіць магіла:
Ў гаршчку насеньня жменю там знайшлі.

Хоць зернейкі засохшымі былі,
Усё ж такі жыцьцёвая іх сіла
Збудзілася і буйна ўскаласіла
Парой вясеньняй збожжа на ральлі.

Вось сымбаль твой, забыты краю родны!
Зварушаны нарэшце дух народны,
Я верую, бясплодна не засьне,
А ўперад рынецца, маўляў крыніца,

Каторая магутна, гучна мкне,
Здалеўшы з глебы на прастор прабіцца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі