— Зыходзячы з таго, што сёння рэжым Лукашэнкі, хоць і нелегітымны, эфектыўна кантралюе тэрыторыю Беларусі, ён і адказны за тое, што адбываецца з ёй і на ёй, — кажа юрыстка. — Такім чынам, дамаўляцца пра тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі, можна толькі з ім. Ён нясе адказнасць за нашу краіну, то-бок тут працуе прынцып эфектыўнага кантролю. Як можна дамаўляцца з бокам, які не кантралюе тэрыторыі, калі вы хочаце дамовіцца пра нешта датычнае гэтай тэрыторыі?
Але тут усё залежыць і ад таго, пра што будуць дамаўляцца бакі.
Можна ўдзельнічаць у перамовах, але ні пад чым не падпісвацца
Кацярына Дзяйкала лічыць лагічным удзел Беларусі ў перамовах па замірэнні ва Украіне, калі казаць пра інтэрэсы беларусаў. Што да падпісання нейкіх пагадненняў — тут пытанне складанейшае.
— Можна быць на перамовах, але не быць баком пагаднення, — тлумачыць экспертка. — Калі Беларусь будзе бокам нейкіх пагадненняў — гэта значыць, што ў іх таксама будзе нешта, што нашая краіна будзе абавязаная выканаць. Ці, наадварот, нешта, што мусяць зрабіць іншыя бакі ў дачыненні да Беларусі.
Пакуль мы не ведаем, што будзе ў дакументах, казаць пра гэта — як віламі па вадзе.
А што Лукашэнка?
Кіраўнік Беларусі гатовы да перамоў з Зяленскім, Трампам, Пуціным і нават прапануе ўсім сустрэцца ў нашай краіне.
— Сядзем і спакойна дамовімся, — сказаў Лукашэнка яшчэ ў пачатку сакавіка, падкрэсліўшы, што пасярэднікам быць не хоча. Пры гэтым ён увесь час паўтарае пра нейкія гарантыі бяспекі, якія нехта мусіць даць беларусам.
Каго баіцца Лукашэнка?
— Калі Лукашэнку патрэбныя гарантыі ад Расіі, якую ён сам абвяшчае сваёй першай саюзніцай, трэба нарэшце разабрацца — гэта саюзнік ці небяспечны сусед, — кажа Кацярына Дзяйкала. — Калі ён баіцца танкаў NATO — дык тут мне ўвогуле няма чаго сказаць. Умываю рукі.