"Бяздоказнае заказное эсэ" — дыпламат РБ пры ААН пра даклад па правах чалавека

Ларыса Бельская

Ларыса Бельская / СПЧ ААН

"Бяздоказным заказным эсэ" назвала прадстаўніца Беларусі Ларыса Бельская даклад групы незалежных экспертаў па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, прадстаўлены 19 сакавіка на 58-й сесіі Савета ААН па правах чалавека (СПЧ). Бельская з'яўляецца пастаяннай прадстаўніцай РБ пры Аддзяленні ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе.

Яна заявіла, што ў СПЧ "няма мандата на так званыя расследаванні і ацэнкі палітычнага ладу суверэнных дзяржаў".

Бельская паведаміла, што на падставе дакладаў па Беларусі Захад уводзіць аднабаковыя санкцыі, "апраўдвае ўмяшанне ва ўнутраныя справы і выбарчыя працэсы, фінансуе тых, хто зрабіў стаўку на разбурэнне беларускай дзяржаўнасці".

Прадстаўніца рэжыму Лукашэнкі паведаміла, што ў 2020 годзе Захад не здолеў "падарваць палітычную сістэму і стварыць хаос у краіне", таму цяпер спрабуе ўзяць рэванш. Паводле яе, на "прэзідэнцкіх выбарах" 2025 года беларускі народ "пацвердзіў свой выбар на карысць стабільнасці".

Таксама дыпламат заявіла, што ў Беларусі няма пераследу паводле палітычных матываў. Памілаванне Лукашэнкам 293 чалавек, асуджаных за "антыдзяржаўную дзейнасць", яна назвала доказам гуманнасці як важнага аспекту палітыкі беларускай дзяржавы.

Група незалежных экспертаў па становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі была створана СПЧ 4 красавіка 2024 года. У яе ўвайшлі дырэктар міжнароднага праекта па правах жанчын Сьюзан Базілі (Канада), загадчыца кафедры крыміналогіі юрыдычнага факультэта Варшаўскага ўніверсітэта Моніка Станіслава Платэк (Польшча) і юрыст-праваабаронца Карына Маскаленка (Расія).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.