МЗС Ізраіля адказала на заявы Лукашэнкі пра Халакост і вайну ў Газе

Аляксандр Лукашэнка

Аляксандр Лукашэнка / БЕЛТА

Ізраіль раскрытыкаваў заявы Лукашэнкі пра Халакост і вайну ў Газе. У заяве ізраільскага МЗС падкрэсліваецца, што Беларусь з'яўляецца краінай, якая сама "нават занадта добра ведае жахі Халакосту, учыненага на яе ўласнай зямлі".

"Любое параўнанне паміж Халакостам яўрэйскага народа і справядлівай вайной Ізраіля супраць тэрарызму павінна быць адназначна адкінутае. Не менш шакавальным з'яўляецца адраджэнне агідных, састарэлых антысеміцкіх тэорый змовы, якія даўно павінныя былі адысці ў мінулае", — адзначаюць у МЗС Ізраіля.

Заява стала адказам на інтэрв'ю Лукашэнкі Al Arabiya, у якім ён правёў паралелі паміж дзеяннямі Ізраіля ў сектары Газа і Халакостам: "Яны ўжо і так у сусветнай супольнасці атрымалі такі рэйтынг, што далей няма куды, разбамбіўшы Газу. Нават у гісторыю многія паглядзелі: "Які Халакост?! Які можа быць Халакост, пра які ізраільцяне казалі, калі яны забілі столькі людзей, і перш за ўсё жанчын і дзяцей?"

Акрамя таго Лукашэнка абвінаваціў "габрэйскае лобі" ў зацягванні канфлікту ЗША з Іранам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.