Эксперты ААН кажуць пра злачынствы супраць чалавечнасці ў Беларусі

Акрэсціна, архіўнае фота

Акрэсціна, архіўнае фота

Рэжым Лукашэнкі здзейсніў шырокамаштабныя парушэнні правоў чалавека ў дачыненні да грамадзянскага насельніцтва. Некаторыя з гэтых парушэнняў прыраўноўваюцца да злачынстваў супраць чалавечнасці. Сярод найбольш абуральных называюцца адвольныя арышты і затрыманні па палітычных матывах.

Пра гэта гаворыцца ў дакладзе групы незалежных экспертаў ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Група была створаная ў красавіку 2024 года. Даклад грыпу ўпершыню прадстаўлены Савету па правах чалавека ААН.

У дакладзе адзначаецца масавы і сістэматычны характар парушэнняў. Парушэнні правоў былі скіраваныя супраць грамадзянскіх асоб, якія выступаюць з крытыкай урада, падкрэслілі эксперты.

Аўтары дакладу згдваюць, што ўзятыя пад варту людзі зазнавалі катаванні і жорсткае абыходжанню, уключаючы збіццё, электрашок і пагрозы аб згвалтаванні не толькі зняволеных, але і іх партнёраў. Відавочную жорсткасць сілавікі праяўлялі ў дачыненні да асобаў ЛГБТК+. Таксама згадваецца, што многіх людзей паўторна арыштоўвалі адразу пасля вызвалення з калоніі.

Аўтары даклада адзначаюць, што рэжым Лукашэнкі стварыў сістэму рэгулярнага парушэння права грамадзян на справядлівае судовае разбіральніцтва. Згадваюць яны пра пераслед адвакатаў і фактычны перавод калегіі адвакатаў пад кантроль Міністэрства юстыцыі.

"Група экспертаў зноў заяўляе пра важнасць судовых і пазасудовых механізмаў прыцягнення да адказнасці. У Беларусі выяўленне і судовы пераслед асоб, вінаватых у парушэннях правоў чалавека і злачынствах супраць чалавечнасці, з'яўляецца ключавым фактарам для спынення атмасферы беспакаранасці і неад'емнай часткай правасуддзя для ахвяр", — канстатуюць у Савеце па правах чалавека ААН.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.