Да Лукашэнкі дайшлі сігналы, якія падавала Украіна праз візіт Ціханоўскай — Чарнагор
Лукашэнка дае інтэрв'ю каналу "Аль Арабія" / БЕЛТА
"Мяркую, што да Лукашэнкі дайшлі тыя сігналы, якія падавала Украіна праз візіт Ціханоўскай, інтэрв'ю прэзідэнта Зяленскага і міністра замежных справаў Сібігі, што ўкраінскі бок занепакоены станам спраў у Беларусі і паглынаннем яе Расіяй. Напэўна, Лукашэнка зразумеў, што пустая бравада, якую ён сабе дазволіў у дачыненні да Украіны, можа мець наступствы, таму ён умоўна "адступіў", калі згадаў пра гэтыя інцыдэнты ў інтэрв'ю і папрасіў прабачэння".
Так амбасадар Украіны па асаблівых даручэннях Яраслаў Чарнагор пракаментаваў інфармагенцтву "Укрінфарм" нядаўняе інтэрв'ю Лукашэнкі, якое той даў каналу "Аль Арабія". Падчас гутаркі Лукашэнка фармальна выбачыўся перад Зяленскім:
"Можа быць, я недзе і перабраў, але гэта быў адказ на ягоныя недарэчныя заявы: "Ды ў нас 500 цэляў, ды мы ведаем, дзе Лукашэнка там знаходзіцца. Мы заўтра ўдарым ракетамі, беспілотнікамі“. Я маўчаў. Нават усе дзівіліся, што я маўчаў. Я разумеў: чалавек знаходзіцца пад такім ціскам, малады чалавек, недасведчаны, ён невайсковы чалавек. Можа, нешта ў галаве не спрацавала. Я маўчаў. Але калі мне пачалі пагражаць, я мусіў адказаць. Калі Ўладзімір Аляксандравіч пакрыўдзіўся, я прашу прабачэння перад ім за гэтыя словы".
Разам з тым Чарнагор крытычна ставіцца да заяваў Лукашэнкі пра адсутнасць намераў ваяваць супраць Украіны. Ён нагадвае, што Беларусь знаходзіцца пад моцным расійскім уплывам: "Магчыма, асабіста ў Лукашэнкі няма планаў нападу на Украіну. Але калі Пуцін скажа, то беларускае войска выканае гэтыя загады праз сваіх кіраўнікоў".
Дыпламат падкрэсліў, што Украіна не плануе пачынаць вайну з Беларуссю. Аднак, дадае ён, пры наяўнасці пагрозы "мы проста прыбярэм яе дыстанцыйным шляхам". Паводле Чарнагора, Лукашэнка разумее гэтую небяспеку, таму вырашыў знізіць градус напружання ў адносінах з Украінай.